2014-09-08 14:02:08

Мінск: навучыцца быць добрым хрысціянінам


RealAudioMP3 Магчыма, у ніводнай навучальнай установе новы навучальны год не пачынаецца так радасна. Трэба прызнацца, для вучняў, студэнтаў першае верасня – гэта працяглае і маркотнае “зноў у школу…” Для слухачоў Мінскага теалагічнага каледжу імя св. Яна Хрысціцеля пачатак заняткаў – нібыта свята: бо ўсе яны вучыцца прыйшлі па жаданні. Каля 60 чалавек, студэнты трох курсаў, сабраліся на св. Імшу ў мінскім Касцёле св. Сымона і св. Алены, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх нагадаў евангельскую падзею – размову Езуса Хрыста з вучнямі – і падзяліўся сваімі думкамі наконт вынікаў, якія слухачы каледжу могуць дасягнуць напрыканцы вучобы. “Па-першае, гэта пазнанне Бога, бліжэйшая сустрэча з Езусам Хрыстом праз навучанне, праз тое, што чалавек больш пазнае праўду, пазнае Бога. Чым больш мы пазнаем, тым больш мы любім. Галоўная мэта – любоў да Бога, як было з апосталамі. Калі мы ўзрастаем у гэтай любові, мы сведчым і дзелімся гэтай любоўю з іншымі. Гэта любоў напаўняе нас радасцю. Веды будуць дапаможнымі, але галоўнае – Любоў, якая зробіць за нас усё”, - адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Мінскі тэалагічны каледж – сапраўды ўстанова ўнікальная. Ён аб’яднаў людзей розных статусаў, прафесій, узростаў. Тут насамрэч бачыш – вучыцца ніколі не рана і ніколі не позна. Самаму малодшаму студэнту – 17 гадоў, самаму сталаму – 63. Аляксандра Зуева, студэнтка 2 курса, глядзіць на працэс навучання прафесійна – яна сама выкладчыца. І бачыць адрозненні – цалкам сямейная атмасфера сярод слухачоў і роўнае стаўленне да іх выкладчыкаў. Увогуле, яна дастатковае нядаўна прыйша да веры і тут, у каледжы, хацела б нібыта нагнаць упушчанае. “Вельмі хацела паглыбіць свае веды і не ўрыўкамі, як можна гэта зрабіць самастойна. А сістэматычна і метадалагічна, каб пазнаць гэты свет Каталіцкага Касцёла, які мяне прыцягнуў”, - прызналася Аляксандра Зуева.

А веды – разнастайныя. 3 гады, 2 разы ў месяц і дзесяткі прадметаў – у галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі – і гэта не поўны спіс. Так званая адукацыйная аснова для адной з галоўных задач хрысціяніна – быць сведкам Хрыста, адзначыў ксёндз-доктар Ян Крэміс, дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. “На працягу гэтах трох гадоў людзі рыхтуюцца, каб мець веды і прапаведаваць. Нехта можа будзе працаваць у парафіі і весці ўрокі рэлігіі, а іншыя вучацца, каб угрантаваць сваю веру, не баяцца адказваць на пытанні, якія задаюць няверуючыя або нават веруючыя”, - адзначыў ксёндз-доктар Ян Крэміс.

Вядома, гэта і ёсць галоўная мэта навучальнай установы – а Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля быў заснаваны ў 2013 г. на базе Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў– рыхтаваць слухачоў менавіта да рэлігійнай дзейнаці. Але ў каледжы, лічыць Ірына Лямбовіч, студэнтка 3-га, апошняга курса, вучаць яшчэ і быць Чалавекам, а гэтага больш нідзе не знойдзеш. “Трэба быць чалавекам у тым асяроддзі, у якім ты знаходзішся: ці гэта Касцёл, ці гэта праца, ці гэта сям’я. І каледж дапамагае мне менавіта ў гэтым. Раней у мяне былі нейкія веды, я была практыкуючай каталічкай, але цяпер, навучаючыся тут, я па-іншаму гэта перажываю. Я стала больш дасведчаным чалавекам і хачу прымяняць веды там, дзе я знаходжуся”, - падзялілася Іріна Лямбовіч.

Нягледзячы на добрую атмасферу і лёгкі пачатак новага навучальнага года, кіраўніцтва каледжу агаварылася – дысцыпліну і паспяховаць ніхто не адмяняў. Пасля таго, як першакурснікам уручылі іх залікоўкі, студэнты адправіліся на заняткі – спасцігаць новыя для сябе навукі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.