2014-09-16 11:05:51

Папа: прапаведванне – марнае, калі не нясе надзеі


RealAudioMP3 Можна прамаўляць цудоўныя казанні, але калі не быць блізкімі да людзей, не цярпець разам з імі і не несці надзею, гэтыя казанні непатрэбныя – яны толькі марнасць, лічыць папа Францішак. У сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 16 верасня 2014 г. Святы Айцец пахіліўся над евангельскім фрагментам пра ўваскрашэнне Езусам сына ўдавы з Наіна. “Езус учыніў цуд, вярнуўшы жыццё юнаку, але гэта яшчэ не ўсё: ён быў блізка. Бог наведаў свой народ”, - заўважыў Пантыфік. У гэтым, на думку Святога Айца, заключаецца пэўная навізна: Бог набліжаецца да свайго народа, разумее яго сэрца і напаўняецца да яго літасцю. Пра гэту літасць кажуць і іншыя евангельскія фрагменты: Езус спачуваў народу калі бачыў яго, як статак без пастыра, калі знаходзіўся перад магілай Лазара, калі бачыў вяртанне блуднага сына.

“Блізкасць і літасць: так Пан наведвае свой народ. Калі мы хочам абвяшчаць Евангелле, несці слова Езуса – то гэта наш шлях. Іншая дарога – гэта дарога прапаведнікаў таго часу: настаўнікаў закона, кніжнікаў, фарысеяў... Далёкіх ад народа, прыгожа прамаўляючых. Яны прамаўлялі цудоўна, цудоўна вучылі закону, але былі дыстансаванымі. Пан не так наведваў свой народ: абсалютна па іншаму. Народ не адчуваў ласкі ў навучанні фарысеяў, таму што яму не хапала блізкасці, не хапала літасці, гэта значыць цярпення разам з народам”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што пасля ўваскрашэння юнака, Хрыстус “аддаў яго маці ягонай”. “Калі Бог наведвае свой народ – вяртае яму надзею. Заўсёды. Можна прапаведваць Божае слова яскрава: у гісторыі былі вельмі цудоўныя прапаведнікі. Але калі яны не былі здольнымі сеяць надзею, гэта прапаведванне было ні на што непатрэбным. Гэта марнасць!”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заклікаў прасіць у Бога аб асаблівай ласцы: каб хрысціянскае сведчанне вернікаў суправаджалася нясеннем надзеі і было сведчаннем наведвання Богам свайго народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.