Можна прамаўляць цудоўныя
казанні, але калі не быць блізкімі да людзей, не цярпець разам з імі і не несці надзею,
гэтыя казанні непатрэбныя – яны толькі марнасць, лічыць папа Францішак. У сваёй гаміліі
падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 16 верасня 2014 г. Святы Айцец пахіліўся
над евангельскім фрагментам пра ўваскрашэнне Езусам сына ўдавы з Наіна. “Езус учыніў
цуд, вярнуўшы жыццё юнаку, але гэта яшчэ не ўсё: ён быў блізка. Бог наведаў свой народ”,
- заўважыў Пантыфік. У гэтым, на думку Святога Айца, заключаецца пэўная навізна: Бог
набліжаецца да свайго народа, разумее яго сэрца і напаўняецца да яго літасцю. Пра
гэту літасць кажуць і іншыя евангельскія фрагменты: Езус спачуваў народу калі бачыў
яго, як статак без пастыра, калі знаходзіўся перад магілай Лазара, калі бачыў вяртанне
блуднага сына.
“Блізкасць і літасць: так Пан наведвае свой народ. Калі мы хочам
абвяшчаць Евангелле, несці слова Езуса – то гэта наш шлях. Іншая дарога – гэта дарога
прапаведнікаў таго часу: настаўнікаў закона, кніжнікаў, фарысеяў... Далёкіх ад народа,
прыгожа прамаўляючых. Яны прамаўлялі цудоўна, цудоўна вучылі закону, але былі дыстансаванымі.
Пан не так наведваў свой народ: абсалютна па іншаму. Народ не адчуваў ласкі ў навучанні
фарысеяў, таму што яму не хапала блізкасці, не хапала літасці, гэта значыць цярпення
разам з народам”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што пасля ўваскрашэння
юнака, Хрыстус “аддаў яго маці ягонай”. “Калі Бог наведвае свой народ – вяртае яму
надзею. Заўсёды. Можна прапаведваць Божае слова яскрава: у гісторыі былі вельмі цудоўныя
прапаведнікі. Але калі яны не былі здольнымі сеяць надзею, гэта прапаведванне было
ні на што непатрэбным. Гэта марнасць!”, - сказаў Пантыфік.
На заканчэнне гаміліі
Святы Айцец заклікаў прасіць у Бога аб асаблівай ласцы: каб хрысціянскае сведчанне
вернікаў суправаджалася нясеннем надзеі і было сведчаннем наведвання Богам свайго
народа.