2014-09-19 12:28:50

Кардынал Дзяржсакратар: Папа жадае паставіць Албанію ў прыклад


RealAudioMP3 Пра прычыны і значэнне падарожжа папы Францішка ў Албанію, якое адбудзецца у бліжэйшую нядзелю, 21 верасня 2014 г., у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру распавёў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Пурпурат перакананы, што дыялог і культура сустрэчы паміж прадстаўнікамі розных веравызнанняў – магчымыя, і менавіта гэта пацвярджае сітуацыя ў сённяшняй Албаніі. “Папа з вялікай ахвотай прамаўляе праз канкрэтныя прыклады, праз узоры. Я думаю, што ён пажадаў паехаў у Албанію, каб падкрэсліць прыклад гэтай краіны, якая ў мінулым сустрэлася з немалымі цяжкасцямі і вырашыла ніколі не выкарыстастоўваць рэлігію, у якасці прычыны для сутыкненняў і канфліктаў”, - адзначыў пурпурат.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў таксама, што Албанія перажыла “доўгую зіму ізаляцыі з боку іншых краін”, таму сёння Апостальская Сталіца імкнецца падтрымаць яе на шляху да еўрапейскай інтэграцыі, падкрэсліваючы адмысловы ўклад, які краіна павінна прынесці Еўрапейскай супольнасці. “Узгадаем пра духоўную спадчыну, якая была захавана нягледзячы на гады рэпрэсій, рэлігійнага пераследу, і якая павінна быць абаронена і ажыўлена”, - сказаў ён. Пурпурат падкрэсліў павагу да інстытута сям’і, характэрную для албанскага грамадства. “Албанія, несучы толькі гэтыя каштоўнасці і свае асаблівыя рысы, зможа плённа паспрыяць праекту еўрапейскай інтэграцыі”, - лічыць кардынал Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца выказаў спадзяванне, што Албанія здолее выстаяць перад хваляй секулярызацыі, якая абрынулася на ўвесь кантынент. Ён нагадаў пра часы жорсткага антырэлігійнага пераследу і адраджэння Касцёла. “На маю думку, важна сказаць, што краіна, з якой Бог быў выгнаны, знішчаны заканадаўча, павінна навучыць нас жыць пастаяннымі адносінамі з Панам, не паддаючыся спакусам жыцця, у якім Бог пакідаецца на ўзбочыне”, - сказаў кардынал Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.