2014-09-19 13:30:15

Кардынал здзіўлены рознагалоссямі перад Сінодам Біскупаў


RealAudioMP3 Нямецкі кардынал Вальтэр Каспер спадзяецца, што маючы адбыцца Сінод Біскупаў стане месцам і часам шчырага абмену думкамі аб становішчы сям’і, а таксама па пытанні аб удзяленні св. Камуніі католікам, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах. Патрэбны не гатовыя адказы, але паглыбленае тлумачэнне ў атмасферы ўзаемнага слухання, для таго, каб на наступнай сесіі Сіноду, у 2015 г., пасля дастаткова доўгага часу, можна было прыйсці да канчатковых рашэнняў, адзначыў былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 18 верасня 2014 г. у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву.

Іерарх падкрэсліў непарыўнасць сакрамэнту сужэнства. Ён заснаваны на Пасланні Езуса, і Касцёл не можа нічога змяніць. Таму, другое сакрамэнтальнае сужэнства не магчыма да таго часу, пакуль першы партнёр жыве, нагадаў кардынал.

У інтэрв’ю газеце “La Stampa” 18 верасня 2014 г. іерарх выказаў здзіўленне рознагалоссямі напярэдадні Сіноду Біскупаў. Ён звярнуў увагу, што Касцёл – гэта супольнасць, якая павінна быць побач з людзьмі, каб дапамагаць ім і садзейнічаць іх духоўнаму развіццю. І для гэтага яны павінны карыстацца ласкай сакрамэнтаў. Ён параўнаў сітуацыю католікаў, якія развяліся і жывуць у несакрамэнтальных саюзах, са становішчам асоб пасля караблекрушэння. Ім патрэбна “выратавальная дошка”. “Так, няма другога сакрамэнтальнага сужэнства, але ў іх сітуацыі неабходны сакраментальны сродак”, - лічыць кардынал Каспер.

На яго думку, адзінага рашэння для ўсіх не існуе, заўсёды трэба разглядаць кожны асобны выпадак. Каталіцкае вучэнне “не з’яўляецца замкнёнай сістэмай”; яно развіваецца ў жывой традыцыі, дадаў іерарх і падкрэсліў, што небяспекі ў “празмернай міласэрнасці” не існуе. Божая міласэрнасць – “гэта цэнтральная тэма саборнай і пост-саборнай эпохі Каталіцкага Касцёла”.







All the contents on this site are copyrighted ©.