2014-09-19 14:29:18

Папа: спаўненне хрысціянскай тоеснасці – ва ўваскрашэнні


RealAudioMP3 Вяршыня хрысціянскага шляху – ва ўваскрашэнні, перакананы папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 19 верасня 2014 г. ён пахіліўся над словамі св. Паўла, які папракаў карынцянаў за нявер’е ва ўваскрашэнне памерлых. Суразмоўцы Апостала народаў былі ўпэўнены, што Хрыстус уваскрос і дапамагае ім з Неба, але ідэя пра сапраўднае ўваскрэшэнне памерлых была ім незразумелай. На іх думку, памерлыя хрысціяне знаходзіліся недзе ў космасе, сказаў Папа. “Уваскрашэнне хрысціян было для іх шаленствам. Яны не маглі зразумець яго. І таму Павел тлумачыў ім з такой дакладнасцю: “Калі Хрыстус уваскрос з памерлых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння паверлых? Калі Хрыстус уваскрос, таксама і памерлыя ўваскрэснуць”, - нагадаў Святы Айцец. Папа заўважыў, што падобная праблема актуальная і для сучасных вернікаў: мы часта кажам пра тое, што жадаем патрапіць у Неба, і ў той жа час ніколі не ўзгадваем пра жаданне ўваскрэснуць. “Ніхто з нас не кажа: “Я уваскрэсну, як Хрыстус”, - падкрэсліў Пантыфік. На яго думку, прычына гэтага – у страху перад пераменай цела, якая павінна адбыцца з уваскрашэннем.

Спакуса такога нявер’я нарадзілася яшчэ ў першыя дні Касцёла і таму, звяртаючыся да тэсаланікійцаў, апостал Павел, сказаў самыя напоўненыя надзеяй з усяго Новага Запавету словы: “Напрыканцы, будзем з Ім”, адзначыў Францішак. Непрыняцце ўваскрашэння, на яго думку, гэта непрыняцце хрысціянскай тоеснасці, таму што яе вяршыня – у вечным прабыванні з Панам. Хрысціянская ідэнтычнасць – гэта шлях да ўваскрашэння, які пачынаецца ўжо пры зямным жыцці і працягваецца ў вечнасці, лічыць Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.