Час – тэма наступнага раўнду ватыканскай ініцыятывы
Наступны “раўнд” дыялогу
Святога Пасаду з няверуючымі будзе прысвечаны тэме часу і пройдзе ў канцы верасня.
Пра гэта паведаміў старшыня Папскай рады па культуры, галоўнага арганізатара ініцыятывы
“Падворак язычнікаў”, кардынал Джанфранка Равазі, 18 верасня 2014 г. у Ватыкане. У
адрозненне ад касмічна арыентаваных рэлігій, у хрысціянства і юдаізма ёсць гістарычны
адлік, таму тут з’яўляецца тэма часу. Паходжанне Бібліі і ўваскрасенне Езуса таксама
з’яўляюцца часткай чалавечай гісторыі, звярнуў увагу іерарх. У Святым Пісанні час
нават мае сваё акрэсленне – “дом Божы”.
Падзея адбудзецца 26-28 верасня ва
ўніверсітэце Балонні, найстарэйшым універсітэце ў Еўропе, а таксама ў мясцовай базыліцы
св. Пятронія. Сярод яго ўдзельнікаў будуць вядомыя італьянскія навукоўцы і прадстаўнікі
свету культуры. Адным з пунктаў мерапрыемства стане першая публічная дэманстрацыя
рукапісу Торы з ХІІ-га ст., які захоўваецца ў фондах універсітэцкай бібліятэкі.
Сустрэчы
форуму “Падворак язычнікаў” праходзяць з мая 2011 г. у розных еўрапейскіх гарадах.
Галоўная мэта ініцыятывы – уключыць вернікаў і няверуючых у дыялог. Натхняльнікам
праекту стаў Бэнэдыкт XVI, які ў 2009 г. заявіў, што Каталіцкаму Касцёлу трэба “нешта
накшталт Падворка язычнікаў”, які існаваў пры Ерузалемскім Храме і з’яўляўся самым
першым узроўнем набліжэння да Бога. Першая сустрэча ў рамках ініцыятывы прайшла ў
штаб-кватэры сусветнай культурнай арганізацыі ЮНЕСКА ў Парыжы. З 2011 г. спатканні
прайшлі ў больш за 20 розных месцах, у тым ліку ў Асізі, Бухарэсце, Мехіка, Рыме і
Берліне.