2014-09-22 10:23:54

Папа: Еўропа распасціраецца далёка за межы Еўрапейскага саюзу


RealAudioMP3 Папа Францішак завяршыў 21 верасня 2014 г. свой аднадзённы візіт у албанскую Тырану. Каля 21.00 па мясцовым часе папскі самалёт прызямліўся ў рымскім аэрапорце “Чампіна”. Падчас пералёту Пантыфік коратка паразмаўляў з журналістамі, адказваючы на іх пытанні. Ён прызнаўся, што адкрыў для сябе албанцаў з іншага боку – яны не проста талерантны народ, яны па-сапраўднаму людзі братэрскія. Уразіла Папу і мясцовая моладзь. Ён сапраўды адчуў, што Албанія – гэта самая маладая краіна ў Еўропе. Калі Францішка спыталі пра мэты яго пілігрымкі ў краіну, ён адзначыў, што хацеў падтрымаць мясцовых вернікаў у іх надзеі. Папа дадаў, што ідэя гэтага візіту выходзіць далёка за межы Албаніі і адносіцца да ўсіх краін у аналагічнай сітуацыі, а таксама Еўропы, тым больш, што Албанія з’яўляецца мусульманскай, але еўрапейскай краінай.

Францішак назваў выбар Албаніі ў якасці мэты свайго першага “еўрапейскага” падарожжа “сігналам”, што Еўропа распасціраецца далёка за межы Еўрапейскага саюзу, хоць у апошні час гэта чамусцьці сталі амаль сінонімы. Гэта таксама напамін аб тым, што ў Еўропы таксама ёсць свае перыферыі, аб якіх не варта забывацца “магутным” гэтага свету.

Пантыфік не хаваў сваіх эмоцый адносна пачутых сведчанняў святара і законніцы – мучанікаў албанскага камуністычнага рэжыму. “Калі слухаеш кагосьці, хто кажа пра сваё мучаніцтва з усёй натуральнасцю і пакорай, як быццам распавядае пра жыццё кагосьці іншага, гэта вельмі моцнае ўражанне”, - прызнаўся Францішак.

Не прагучала адказу на пытанне аб Сінодзе на тэму сям’і. Папа адзначыў, што хоча, каб СМІ ў гэтыя дні гаварылі аб Албаніі, а не аб Сінодзе. Ён пацвердзіў, што 25 лістапада 2014 г. наведае Страсбург, у тым ліку штаб-кватэру Еўрапейскага парламента і Савета Еўропы і, магчыма, 28 лістапада пачне візіт у Турцыю. На сцвярджэнне, што гэта апошняя краіна знаходзіцца занадта блізка да Іраку, заявіў, што змена геаграфіі не ў яго сілах.







All the contents on this site are copyrighted ©.