2014-09-28 12:37:12

Папа падзякаваў пажылым людзям за веру, выратаваную ў часы пераследаў


RealAudioMP3 28 верасня 2014 г. у Ватыкане прайшло свята пажылых людзей пад дэвізам “Благаслаўленне на доўгае жыццё”. Яшчэ задоўга да яго пачатку плошчу св. Пятра запоўнілі дзесяткі тысяч бабуль і дзядуль, якія прыбылі з больш чым 20 краін свету, разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Чакаючы сустрэчы з папам Францішкам, яны выслухалі некаторыя кранаючыя жыццёвыя сведчанні: сваімі радасцямі і праблемамі перад імі падзяліліся іракскія сужонкі, якія пакінулі радзіму, ратуючыся ад насілля; італьянскі пенсіянер, які прысвяціў сваё жыццё служэнню бліжнім праз валанцёрскую дзейнасць; ірландская бабуля, якая займаецца выхаваннем унука і некаторыя іншыя. У перапынках паміж апавяданнямі, перад удзельнікамі спаткання выступалі знакамітыя італьянскія тэлевядучыя і зоркі эстрады. З’яўленне папы Францішка на ватыканскай плошчы суправаджаў сваім спевам знакаміты Андрэа Бачэлі.

Святы Айцец заняў сваё месца сярод некаторых пажылых людзей, высокіх ватыканскіх іерархаў і моладзі і, першай справай, прывітаў прысутнага на плошчы св. Пятра Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI. “Я шмат разоў казаў, што хацеў, каб ён жыў у Ватыкане: бо гэта, як мець мудрага дзядулю дома”, - сказаў папа Францішак.

Прагучаўшыя сведчанні, паводле Святога Айца, пацвярджаюць, што пажылыя людзі, якія маюць веру – як дрэвы, што працягваюць прыносіць плёны. “Старасць, асаблівым чынам, з’яўляецца часам ласкі, калі Пан аднаўляе сваё пакліканне: кліча нас захоўваць і перадаваць веру, кліча маліцца, асабліва заступніцкай малітвай; кліча быць блізка да патрабуючых... Пажылыя людзі, бабулі і дзядулі, маюць здольнасць разумення самых складаных сітуацый: гэта вялікая здольнасць! А калі моляцца аб вырашэнні гэтых сітуацый, іх малітва з’яўляецца моцнай!”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што адным з заданняў бабуляў і дзядуляў з’яўляецца перадача веры ўнукам. “Гэта самая каштоўная спадчына!”, сказаў ён. У краінах, у якіх ажыцяўляўся антырэлігійны пераслед, менавіта бабулі і дзядулі захавалі веру, патаемна прыводзячы дзецей і ўнукаў у касцёлы для атрымання сакрамэнту хросту. “Малайцы! Яны былі малайцамі падчас пераследу і выратавалі веру ў гэтых краінах!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што не ўсе пажылыя людзі маюць сям’ю і таму жывуць у спецыяльных дамах для састарэлых. Пантыфік пажадаў, каб гэтыя ўстановы былі сапраўднымі дамамі, а не вязніцамі. “Няхай яны будуць для пажылых, а не для прыватных інтарэсаў кагосьці іншага! Не павінны існаваць структуры у якіх пажылыя людзі жывуць забытымі, схаванымі і пазбаўленымі ўвагі. Я адчуваю сябе блізка да вялікай колькасці пажылых людзей, якія жывуць у такіх структурах, і з удзячнасцю думаю пра тых, хто іх наведвае і пра іх клапоціцца. Дамы састарэлых, павінны быць “лёгкімі” чалавечнасці краіны, кварталу, парафіі; павінны быць “санктуарыямі” чалавечнасці, у якіх пажылы ці слабы будзе атулены клопатам і абаронены, як старэйшы брат або сястра. Вельмі карысна наведваць пажылых! Паглядзіце на нашу моладзь: часам бачым яе лянівай і сумнай; няхай наведае пажылых і становіцца радаснай!”, - параіў Папа.

Францішак нагадаў таксама пра праблему пакінутых пажылых людзей, якіх грамадства лічыць “адходамі”. Пазбаўленне іх клопату, выкліканае эканамічным разлікам, на думку Святога Айца, з’яўляецца сапраўднай “схаванай эўтаназіяй”. “Мы ўсе пакліканы канстатаваць існаванне гэтай атрутнай культуры адходаў”, сказаў ён. “Мы, хрысціяне, сумесна з усімі людзьмі добрай волі, пакліканы з цярплівасцю будаваць іншае грамадства – больш гасціннае, чалавечнае, адкрытае, у якім не будзе існаваць патрэбы ў выкіданні на сметнік слабых целам і розумам”, - сказаў Папа і дадаў, што грамадства, якое не клапоціцца пра пажылых – не мае будучыні, таму што пазбаўляе сябе памяці і каранёў.

Cустрэча пажылых людзей з папам Францішкам была арганізавана Папскай радай па справах сям'і, у кантэксце падрыхтоўкі да ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе 5-19 кастрычніка 2014 г. на тэму "Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям'ёй, у кантэксце евангелізацыі".







All the contents on this site are copyrighted ©.