Ватыкан гатовы да прыёму журналістаў на Сінодзе Біскупаў
Да адкрыцця ІІІ Надзвычайнай
сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства застаецца ўсяго некалькі дзён. У сувязі
з гэтым Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала некаторыя дадзеныя, якія тычыцца
інфармацыйнага забеспячэння і лагістыкі форума. Адзначаецца, што на працягу пасяджэнняў
Сінода Зала Друку Святога Пасаду будзе адкрыта штодзённа, нават у нядзелі. 3 кастрычніка
2014 г., за два дні да адкрыцця мерапрыемства, запланавана прэс-канферэнцыя з Генеральным
сакратаром Сінода Біскупаў, кардыналам Ларэнца Балдзісэры, які пазнаёміць з інфармацыяй
адносна тэмы і метадаў працы форума. На працягу Сінода адбудуцца тры прэс-канферэнцыі.
На адной з іх, 18 кастрычніка, будзе прадастаўлена спецыяльнае пасланне ўдзельнікаў
асамблеі.
Для больш эфектыўнай камунікацыі з журналістамі запланавана рэгулярнае
правядзенне брыфінгаў, падчас якіх кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, будзе
апавядаць пра апошнія актуальныя падзеі і рашэнні ўдзельнікаў надзвычайнай сесіі.
Пачынаючы з другога тыдня працы форума, у брыфінгах з журналістамі будуць прымаць
удзел таксама некаторыя сінадальныя айцы.
Публікацыя выступленняў удзельнікаў
не прадугледжана, але за некаторымі публічнымі падзеямі ў рамках ІІІ Надзвычайнай
сесіі Сінода Біскупаў можна будзе сачыць з дапамогай тэлетрансляцый, арганізаваных
Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. Зала Друку Апостальскай Сталіцы прадставіць для
карыстання журналістамі некалькі кампутараў і забяспечыць пакрыццё бесправадным інтэрнэтам.
У якасці эксперыменту, 3 кастрычніка 2014 г., на твітэр-канале @HolySeePress
будзе створаны хэштэг #synod14, па якім можна будзе адсочваць актуальную інфармацыю
адносна працы асамблеі.