2014-10-02 08:24:22

Пантыфік сустрэўся з эмігрантамі – ахвярамі катастрофы ля італьянскага ўзбярэжжа


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся 1 кастрычніка 2014 г. у другой палове дня з ахвярамі мінулагодняй катастрофы ля ўзбярэжжа Лампедузы. Тады загінулі 368 афрыканскіх бежанцаў. Дваццаць эрытрэйцаў, выратаваных цудоўным чынам, і сямнаццаць прадстаўнікоў сем’яў ахвяр падзякавалі Пантыфіку за яго падтрымку і ўвагу да становішча мігрантаў і бежанцаў. Святы Айцец у сваю чаргу звярнуўся да жыхароў Еўропы і заклікаў іх адчыніць дзверы сваіх сэрцаў для бежанцаў. “Пасля прыбыцця ў порт часта бывае цяжка. Чалавек стаіць ля зачыненых дзвярэй і не ведае, што рабіць. Але ёсць шмат людзей, якія адкрылі перад вамі дзверы сваіх сэрцаў”, - сказаў Францішак. Ён запрасіў Еўропу не закрывацца перад мігрантамі і бежанцамі. Удзельнікі сустрэчы з Папам знайшлі прытулак у Германіі, Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландах і Даніі. Яны прыбылі ў Італію, каб прыняць удзел у Лампедузе ў цырымоніі ўспаміну гэтай страшнай трагедыі. З’явілася ініцыятыва, каб 3 кастрычніка абвясціць Днём памяці ахвяр мора.







All the contents on this site are copyrighted ©.