2014-10-02 09:10:52

Французскі іерарх пра абмен думкамі паміж кардыналамі перад Сінодам


RealAudioMP3 Абмен думкамі паміж кардыналамі на тэмы, якія будуць абмяркоўвацца на Сінодзе Біскупаў служыць узбагачэнню рэфлексіі і фарміраванню поглядаў, лічыць кардынал Андрэ Вэн-Труа, арцыбіскуп Парыжа. У інтэрв’ю архідыяцэзіяльнаму інтэрнэт-парталу ён падкрэсліў, што Касцёл з’яўляецца сям’ёй, у якой дэбаты маюць права на існаванне, а не таталітарнай партыяй, дзе навязваецца адзінае правільнае меркаванне, выключаючы любое мысленне. У Касцёле заўсёды былі розныя школы, у якіх выпрацоўваліся розныя тэалагічныя гіпотэзы. Некаторыя з іх былі прызнаны, іншыя з’яўляюцца несумяшчальнымі з дактрынай. Тым не менш, усё можа дапамагчы праліць святло на пытанні, узнятыя ў ходзе дыскусіі, лічыць французскі іерарх.

Сінод, удзельнікам якога з’яўляецца арцыбіскуп Парыжа, аб’ядноўвае розныя інтэрпрэтацыі і традыцыі. Ён павінен імкнуцца да дасягнення кансэнсусу і сфармулаваць “прапановы”, якія затым будуць прадстаўлены Пантыфіку, нагадаў кардынал Вэн-Труа. Гэта Святы Айцец выконвае сваю місію выкладання, ухваляючы пэўныя прапановы, каб яны сталі абавязковымі ва ўсім Касцёле, дадаў арцыбіскуп Парыжа напярэдадні адкрыцця Сінода Біскупаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.