2014-10-04 13:57:29

Папа да паралімпійцаў: у кожным чалавеку ёсць патэнцыял, якога мы не ўяўляем


RealAudioMP3 4 кастрычніка 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI членаў Італьянскага паралімпійскага камітэта. Святы Айцец адзначыў: спартсмены з інваліднасцямі – гэта прыклад таго, што спорт дапамагае пераадольваць любыя бар’еры. Каб дасягнуць поспеху ў спорце, неабходны дух ахвярнасці, але калі ёсць інваліднасць, трэба яшчэ больш сілы, пастаянства і адвагі, сказаў Францішак. Тут, на яго думку, важна знайсці групу сяброў, якія падтрымаюць і якіх можна будзе падтрымліваць: “І так кожны можа даць лепшае з сябе!”. “Спорт становіцца каштоўнай магчымасцю, каб убачыць адно ў адным братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў дарозе, каб спрыяць культуры адкрытасці і непрыняцця культуры выкідання на сметнік”, сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што сведчанне паралімпійцаў – гэта вялікі знак надзеі. “Гэта доказ таго, што ў кожным чалавеку ёсць патэнцыял, які мы часам не ўяўляем і які можа развіцца дзякуючы даверу і салідарнасці”, - сказаў ён. Пантыфік нагадаў спартсменам, што Бог ведае сэрца кожнага чалавека, любіць і дапамагае ў росце і таму заклікаў памятаць, што ў сваіх намаганнях на карысць свету без бар’ераў, яны не ў адзіноце. “Бог, наш Айцец, з вамі!”, сказаў ён.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа пажадаў паралімпійцам, каб спорт быў для іх “трэніровачнай залай ў якой будуць штодзённа трэніравацца ў павазе да саміх сябе і да іншых; якая дасць магмасць пазнаваць людзей і новыя асяродзі і дапаможа адчуваць сябе актыўнай часткай грамадства”; каб праз спорт змаглі адчуць блізкасць Бога і сяброўства братоў і сясцёр.








All the contents on this site are copyrighted ©.