2014-10-05 11:50:41

Францішак: Сінод мае спрыяць супрацоўніцтву з планам любові Бога


RealAudioMP3 “Сінадальныя сесіі склікаюцца не на тое, каб на іх абмяркоўваць прыгожыя і арыгінальныя ідэі, або каб убачыць, хто разумнейшы ... Яны служаць лепшаму ахоўванню вінаградніка Пана, супрацоўніцтву з Яго марай, Яго планам любові да свайго народу”, - сказаў папа Францішак 5 кастрычніка 2014 г.у гаміліі падчас св. Імшы ў базыліцы св. Пятра з нагоды адкрыцця ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў. Яна прысвечана душпастырскім выклікам, звязаным з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі.

Каментуючы сённяшнія літургічныя чытанні Святы Айцец адзначыў, што вінаграднік Пана з’яўляецца “марай” Бога, але па сутнасці справа ідзе пра народ, які Пан “засадзіў і апрацоўвае з цярплівай і вернай любоўю, каб ён стаў святым народам, народам , які прыносіць шмат добрых плёнаў справядлівасці”. Папа падкрэсліў, што ў сваёй прыпавесці Хрыстус звяртаецца да першасвятароў і старэйшынаў народа, да кіруючага класа, да асоб, якім Бог даручыў свой народ, каб яго дасканалілі, клапаціліся пра яго, абаранялі перад дзікімі жывёламі. Пантыфік адзначыў, што гэтыя людзі прысвоілі вінаграднік сабе, не жадаючы рэалізаваць Божы план, але свае ўласныя планы. “Імі кіравала прагнасць улады і грошай, а каб гэта зрэалізаваць, дрэнныя пастыры ўсклалі на плечы людзей цяжкія і непасільныя ношы, а самі не хочуць і пальцам крануць іх”, - сказаў Папа.

“Таксама і мы падчас Сінода Біскупаў пакліканы да працы ў вінаградніку Пана... У гэтым выпадку Пан просіць нас клапаціцца пра сям’ю, якая з самага пачатку з’яўляецца неад’емнай часткай Яго плану любові да роду чалавечага”, - адзначыў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што таксама і сёння існуе спакуса “захопу” вінаградніка, а Божая мара заўсёды сутыкаецца з крывадушнасцю некаторых Яго слугаў. “Мы можам знішчыць мары Бога, калі не дазваляем Святому Духу, каб вёў нас. Дух дае нам мудрасць, якая выходзіць за рамкі навукі, каб мы працавалі велікадушна, з сапраўднай свабодай і пакорнай крэатыўнасцю”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заклікаў сінадальных айцоў, каб клапаціліся пра вінаграднік і добра яго ахоўвалі, тады спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць іх сэрцы і думкі ў Хрысце Езусе.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.