2014-10-07 14:45:08

Беларусь: каталіцкая ВНУ – праект нацыянальнага значэння


RealAudioMP3 Вядома, вучыцца ніколі не позна, тым больш, шукаць шлях да Бога і атрымліваць веды ў галіне тэалогіі. У Мінску заснавана “Тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла ІІ”. Рашэнне было прынята на пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі, а зараз рыхтуюцца дакументы, якія будуць сктраваны ў адпаведыя дзяржаўныя органы, каб афіцыйна зарэгістраваць новую навучальную ўстанову краіны. Па сутнасці, гэта ВНУ, якая будзе рыхтаваць спецыялістаў для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, паведаміў Ватыканскаму радыё аб планах арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Гэты праект вельмі важны для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Сама акадэмія будзе складацца з двух напрамкаў: семінарыя і непасрэдна так званы Інстытут тэалогіі для свецкіх. Гэта значыць, што некаторыя дысцыпліны і семінарысты, і свецкія будуць вывучаць разам. Такая практыка ёсць у шматлікіх краінах свету. Так плануецца. Для рэалізацыі неабходна шмат часу, шмат цярпення і малітвы”, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч некалькі разоў аказаўся – гэта толькі планы, як будзе развівацца новы і знакавы для Каталіцкага Касцёла Беларусі праект, пакуль сказаць цяжка. Але база ўжо ёсць – у краіне паспяхова дзейнічаюць катэхечныя і тэалагічны каледжы – разам там навучаюцца каля 200 чалавек, працуюць семінарыі. Магчыма, у будучым нейкія з гэтых устаноў стануць філіяламі Тэалагічнай акадэміі. Аб з’яўленні такой установы беларускі іерарх марыў, як толькі прыехаў працаваць у Беларусь з Масквы. Там, дарэчы, гэты шлях яму ўдалося прайсці і нават атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве адукацыі Расіі, узгадаў Мітрапаліт. “Тое, што гэта праект нацыянальны, кажа той факт, што рашэнне прыняла Канферэнцыя Каталіцкіх біскупаў. Тое, што мы хочам нешта такое мець, я аб гэтым нагадваў даўно, мы абмяркоўвалі з біскупамі, на сустрэчах са святарамі. Можа нечакана, што так хутка. Але трэба калісьці пачынаць і калі сказаў “а”, трэба казаць і “б””, - адзначыў іерарх.

Галоўнай мэтай стварэння “Тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ” арцыбіскуп бачыць знаёмства з хрысціянствам, як кажуць, з першых вуснаў, пазнанне сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Усё гэта з цягам часу дазволіць сфарміраваць у беларускім грамадстве пласт тэалагічна адукаванай інтэлегенцыі, якая, вядома, за часы атэізма была знішчана, а зараз многія людзі, відавочна, шукаюць нейкія адказы самастойна і не знаходзяць іх. Таму, так плануецца, акадэмія будзе адкрыта для слухачоў не толькі каталіцкага, але і іншых веравызнанняў, а таксама для тых, хто толькі шукае шлях да Бога, паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч. “Чаму Беларусь, якая мае паўтара мільёны католікаў, не можа мець такой навучальнай установы, якая б давала магчымасць атрымаць навуковую ступень? Чаму трэба ехаць вучыцца за мяжу? Стварэнне акадэміі – гэта таксама прэстыж Беларусі, гэта важная справа для краіны і Каталіцкага Касцёла, гэта справа важная і для хрысціянства ў Беларусі таксама”, - сказаў іерарх.

Тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла ІІ будзе спачатку праходзіць рэгістрацыю ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але наступным крокам, магчыма, стане і спроба рэгістрацыі ў Міністэстве адукацыі Беларусі. Трэба зрабіць усё, лічыць Мітрапаліт Кандрусевіч, каб навучальная ўстанова ў будучым была часткай сістэмы адукацыі, а студэнты атрымлівалі дыпломы дзяржаўнага ўзору.







All the contents on this site are copyrighted ©.