2014-10-09 13:07:45

Святы Айцец пра трынітарную малітву і тры віды сяброўства


RealAudioMP3 У малітве мы можам прасіць аб многім, але самым вялікім дарам Бога з’яўляецца Святы Дух, нагадаў папа Францішак 9 кастрычніка 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. На прыкладзе евангельскага апавядання пра чалавека, якія апоўначы прыйшоў да свайго сябра, каб папрасіць хлеба, Францішак патлумачыў, якой павінна быць сапраўдная малітва і чаму адкрытасць Бога пераўзыходзіць чалавечую. Папа звярнуў увагу на тры віды сяброўства. У жыцці ёсць па-сапраўднаму “залатыя сябры”, якія могуць падзяліцца заўсёды і ўсім. Ёсць і такія, якіх мы можам назваць проста добрымі сябрамі. Трэці ж від, гэта асобы, сяброўская сувязь з якімі прадугледжвае настойлівасць і нават надакучлівасць. Езус казаў, што не толькі сябры, якія нас суправаджаюць на жыццёвым шляху дзеляцца тым, аб чым просім, але і Айцец, які ёсць у Небе, заўважыў Пантыфік. “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць”, - гэтымі словамі, на думку Папы, Езус хацеў абудзіць у апосталаў давер да малітвы. Маліцца, гэта нібыта стукаць у сэрца Бога, адзначыў ён.


У адказ на малітву Бог заўсёды дае больш, чым мы яго просім: свой падарунак Ён заўсёды дапаўняе, чымсці, што яго робіць асабліва цудоўным. І гэтым з’яўляецца Святы Дух, сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў да “трынітарнай малітвы”, памятаючы пра ўсе асобы Найсвяцейшай Тройцы. Езус – наш спадарожнік, Які дае ўсё, аб чым мы просім; Айцец – Які клапоціцца пра нас і любіць і Святы Дух – дар, Які не дазваляе нам страціць надзею, заключыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.