Францішак заклікаў не дазволіць зрабіць з сэрца “прахадны двор”
Не дазволіць злу ўвайсці
ў наша жыццё дапамагае адна старажытная касцёльная практыка, якой з’яўляецца рахунак
сумлення, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 10 кастрычніка
2014 г. Пантыфік адзначыў, што сатана вельмі цярплівы і ніколі не перастае спакушаць
чалавека – не адмаўляецца ад барацьбы за яго душу. У евангельскім апавяданні пра спакушэнне
Езуса на пустыні гаворыцца, што пасля няўдачы сатана адышоў, але потым шмат разоў
вяртаўся ў жыццё Хрыста: калі Яго выпрабоўвалі, намагаліся заманіць у пастку, падчас
мукі – аж да самай крыжовай смерці. Сатана прабываў побач з Езусам да самага канца
і тое ж тычыцца і нас, лічыць Святы Айцец. Сэрца, у якім жыве Святы Дух, неабходна
бараніць, “каб не ўваходзілі ў яго іншыя духі”, каб не ўваходзілі кепскія думкі, кепскія
жаданні, сквапнасць, нянавісць. Калі не ўсвядомлю, колькі ўсяго ўваходзіць ў маё сэрца,
яно стане прахадным дваром - лічыць Папа, - сэрцам без ціхага месца, у якім Пан не
можа прамаўляць і нават быць выслуханым.
Паводле слоў Пантыфіка, каб не дапускаць
такой сітуацыі, трэба штодзённа рабіць рахунак сумлення: вечарам, перад заканчэннем
дня, застацца сам на сам з сабой і спытаць у сябе: што адбылося сёння ў маім сэрцы?
Што праходзіла праз маё сэрца? “Калі гэтага не будзе – мы не зможам чуваць і бараніць
яго добра”, - сказаў Францішак. Рахунак сумлення дапамагае захаваць Святога Духа ў
сэрцы, дапамагае захаваць сэрца ад шматлікага зла, ад нячыстых духаў, якія наносяць
яму вялікую шкоду, перакананы Пантыфік.