2014-10-19 11:29:31

Папа прыняў рашэнне аб публікацыі справаздачы Сінода


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў рашэнне аб публікацыі поўнага тэксту справаздачы ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, так званага “Relatio Sinodi”. Выніковы дакумент асамблеі быў зацверджаны шляхам галасавання сінадальнымі айцамі вечарам 18 кастрычніка 2014 г. і перададзены Святому Айцу. Галасаванне праходзіла не над усім дакументам цалкам, але над фармуліроўкай кожнага з яго 62-х параграфаў. Сінадальныя айцы маглі аддаць свой голас толькі “за” або “супраць”. Для прыняцця кожнага з пунктаў дакумента, было неабходна, каб за яго прагаласавалі дзве трэці асамблеі. З усёй справаздачы, удзельнікі Сінода не зацвердзілі толькі тры параграфы. Першы тычыўся магчымасці прыступаць да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, разведзенымі асобамі, які ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы. Другі незацверджаны параграф тычыўся прапановы духоўнай камуніі. І нарэшце, трэці пункт – асоб з гомасексуальнай арыентацыяй. Большасць удзельнікаў Сінода прагаласавала на карысць гэтых трох параграфаў, але неабходныя дзве трэці галасоў набраны не былі.

Папа Францішак пажадаў, каб грамадскасці стала вядома таксама колькасць сінадальных айцоў прагаласаваўшых за той ці іншы параграф. Напрыклад за пункт, які тычыўся магчымасці прыступаць да сакрамэнтаў для разведзеных, што жывуць у новых саюзах, прагаласавалі 104 удзельнікі Сінода, а супраць – 74. 118 сінадальный айцоў прагаласавалі за прыняцце пункту адносна асоб з гомасексуальнай арыентыцыяй і 62 – не пагадзіліся з прапанавай фармуліроўкай.

Сам “Relatio Sinodi” утрымлівае ў сабе структуру і змест паслядэбатнай справаздачы, прадстаўленай 13 кастрычніка, але ў гэты дакумент былі унесены 470 паправак распрацаваных падчас працы ў малых групах. Яны галоўным чынам дапоўнілі першую частку дакумента, якая кажа пра прыгажосць і каштоўнасць сужэнства. Так дакумент стаў больш ураўнаважаным і не засяроджаным толькі на праблемных момантах.

У справаздачы Сінода няма звароту да закона аб градацыі, не ідзе гаворка пра дзяцей, якія жывуць з гомасексуальнымі парамі і падкрэсліваецца, што такія саюзы не могуць параўновывацца з сужэнствам паміж мужчынам і жанчынай. У дакумент таксама былі ўключаны тэмы звязаныя з усынаўленнем дзяцей, праблемай распаўсюджвання парнаграфіі, карыстаннем інтэрнэтам, сексуальным насіллем. Утрымліваецца падзяка шматлікім хрысціянскім сем’ям за іх сведчанне. Справаздача стане працоўным дакументам Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.