2014-10-21 11:52:24

Арцыбіскуп Рыжскі пасля Сіноду Біскупаў: ісціна пераможа


RealAudioMP3 Паўсюдны Касцёл не павінен ісці за тэндэнцыямі секулярнага свету. У Рыме завяршыўся Сінод Біскупаў, але абмеркаванне яго вынікаў працягваецца. Арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч цалкам падтрымлівае той факт, што іерархі, нягледзячы на ціск з боку энтузіястаў аднаполых і паўторных саюзаў і магчымасць атрымаць лёгкую папулярнасць для Касцёла праз іх падтрымку, настаялі на пазіцыі непахіснасці хрысціянскіх асноў і Евангелля.

Але наперадзе ўвесь год, да наступнай звычайнай асамблеі Сінода. У прадстаўнікоў Касцёла нялёгкая задача – асэнсаваць вынікі Сінода і знайсці адказы на выклікі свету. “Як мы ў Евангеліі ад Яна або ў св. Паўла чытаем, што той свет, які ляжыць у грахе спрабуе згасіць святло Евангелля, таму што яно выкрывае няпраўду. Я бачу, што існуе ціск, каб не казаць аб граху, не называць грэх грахом, а казаць аб міласернасці. Але міласэрнасць ніколі не супярэчыць ісціне. Таму я заклікаю ў першую чаргу маліцца аб наступным Сінодзе, каб мы, захоўваючы вучэнне Касцёла і ядро ісціны Евангелля, праявілі адкрытасць да грэшнікаў і тых, кто пакутуе і мае цяжкасці, каб мы адкрыліся на іх і пайшлі насустрач, але настолькі, наколькі нам дазваляе Евангелле і спадчына нашай веры. Гэта стратэгічна важны момант. Насіск з боку свету ідзе, і ён пранікае таксама ў Касцёл. Мы павінны праявіць мудрасць, але захаваць вернасць, ісціну і міласэрнасць – вось гэтыя тры стаўпы”, - падзяліўся думкамі іерарх у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Гучалі меркаванні, што Сінод стаў форумам падзелу – галасаванне па выніковым дакуменце падзяліла ўдзельнікаў у суадносінах амаль 60:40. Арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч ужо другі раз прымае ўдзел у Сінодзе, і папярэдні быў больш адзінадушны, успамінае іерарх. Але вынікі галасавання, лічыць ён, не кажуць аб падзеле. Яны кажуць аб тым, што пытанні, якія выносіліся на абмеркаванне, насамрэч надзённыя і вострыя.

У прыватнасці, у адносінах да тых жа аднаполых саюзаў націск ідзе не толькі на рэлігійныя супольнасці, але і на заканадаўства. У шматлікіх краінах яны ўжо юрыдычна легалізаваны. Менавіта гэта з’ява і выклікалі дыскусію на Сінодзе, лічыць арцыбіскуп Рыжскі. “Гэта як бы экспладзіравала, таму што дагэтуль у Касцёле не было такога роду дыскусіі. Нам як бы кінулі бомбу ў двор, і яна сдэтанавала. І зараз мы павінны супакоіцца і спакойна разабрацца ў гэтым пытанні. Таму ў выніковым дакуменце у некаторых пунктах так і напісана: былі такія меркаванні, былі іншыя меркаванні, але трэба паглыбіць гэтыя пытанні, паглядзець на іх пад павелічальным шклом і разгледзець дасканала ў суадносінах да вучэння Касцёла. Гэта выклік, які стаіць перад намі, і калі мы зробім гэта аб’ектыўна, нам нечага баяцца, таму што ісціна пераможа. І папа Францішак сказаў у сваім заключным слове, што Пантыфік ёсць гарант прысутнасці Пятра нашых дзён і гарант таго, што не адыдзем ад вучэння і традыцыі”, - адзначыў іерарх.

Зараз, лічыць іерарх, для ўсіх удзельнікаў мінулага Сінода стаіць агульная задача – данесці думкі форума да мясцовага духавенства, выпрацаваць у сваіх краінах агульную пазіцыю, ініцыяваць абмеркаванні вострых пытанняў у грамадстве сумесна з актывістамі ў справе аховы сям’і і абароны жыцця, каб разам адстаяць хрысціянскія каштоўнасці, і гэта будзе найлепшай падрыхтоўкай да наступнага Сінода. “Сям’я – гэта стратэгічны і ключавы момант існаванння не толькі Касцёла, але ўсяго свету. Калі сям’я будзе разбурана, калі будзе разбурана само паняцце сям’і, як гэта сёння і спрабуць зрабіць, гэта будзе крах усяго. Мы павінны захаваць паняцце сям’і, але наша кропка адліку ідзе ад Божага бачання сям’і, як Бог бачыць сям’ю. Мы павінны абвяшчаць гэта і абараняць ад любых скажэнняў”, - сказаў арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч.

Таксама іерарх адзначыў, што прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла з Усходняй Еўропы былі адзінадушнымі і ў шматлікіх пытаннях мелі адзінае меркаванне. І гэта таксама не можа не радаваць.







All the contents on this site are copyrighted ©.