2014-10-22 10:52:12

Святы Пасад нагадаў у ААН пра існуючыя міжнародныя праблемы


RealAudioMP3 Святы Пасад у мінулыя дні выказаў сваё меркаванне і занепакоеннасць адносна некаторых міжнародных праблем. Гэта адбылося падчас дыскусій і пасяджэнняў у рамках 69-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў, што амаль 3 мільёны дзяцей былі забітыя і 6 мільёнаў пакалечаныя ў выніку ўзброеных канфліктаў. Падчас дыскусіі на тэму правоў дзяцей, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў прагрэс у барацьбе з дзіцячай смяротнасцю, але заўважыў, што гэтыя намаганні падрываюцца чарговымі канфліктамі. Усцяж у многіх месцах дзеці становяцца ахвярамі голаду, адсутнасці медыцынскага абслугоўвання, гандлю людзьмі, сексуальнай эксплуатацыі, вярбоўкі ў армію і прымусовай працы. Іерарх запэўніў у падтрымцы ініцыятыў на карысць правоў дзяцей з боку Святога Пасаду і выказаў задавальненне ў сувязі з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі міру сёлета тым, хто займаецца абаронай дзяцей.

Арцыбіскуп Ауса прыняў удзел таксама ў іншай дыскусіі, прысвечанай абароне спецыфікі і культуры карэнных народаў. Ён нагадаў пра іх права на развіццё згодна са сваімі традыцыйнымі каштоўнасцяямі і падкрэсліў, што гэта не можа ігнаравацца ва ўмовах глабалізацыі, індустрыялізацыі і урбанізацыі. Сёння ў свеце пражывае больш за 370 мільёнаў прадстаўнікоў карэнных народаў у 90 краінах. Ватыканскі дыпламат адзначыў, што ўсе ініцыятывы, якія іх тычацца, павінны кіравацца павагай да іх самабытнасці і культуры, у тым ліку рэлігійных перакананняў.

Яшчэ адной тэмай, якую узняў прадстаўнік Святога Пасаду на форуме ААН, стала прыблема крайняй беднасці і забеспячэння збалансаванага падыходу да вырашэння экалагічных праблем. Падчас пасяджэння камітэта па справах устойлівага развіцця і глабальнай абароны, ён выказаў перакананне, што краіны з высокай ступенню тэхналагічнага развіцця маюць вялікія магчымасці змякчыць негатыўныя наступствы экалагічнага крызісу, ад якога пакутуюць у асноўным бедныя краіны. Іерарх лічыць апошняе парадаксальным і несправядлівым. Святы Пасад перакананы, што змена клімату з’яўляецца не толькі пытаннем абароны навакольнага асяроддзя, але і праблемай справядлівасці і маральнага імператыву. Арцыбіскуп Ауса адзначыў, што чалавецтва ўступіла з навакольным асяроддзем у “маральны запавет”, згодна з якім усе краіны і ўсе людзі павінны супрацоўнічаць паміж сабой, каб зрабіць яго здаровым месцам для жыцця цяперашняга і будучых пакаленняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.