2014-10-22 11:54:43

Касцёл – шэдэўр Святога Духа


RealAudioMP3 Папа Францішак нагадаў, што ўсе вернікі з’яўляюцца членамі аднаго цела, паяднанага любоўю Хрыста, таму пакліканы быць падтрымкай і дапамогай адно аднаму. Тэма Касцёла як адзінага цела была ў цэнтры катэхезы Пантыфіка, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 кастрычніка 2014 г. на плошчы св. Пятра. “Калі неабходна паказаць, як элементы, што складаюць адну рэчаіснасць блізка звязаны паміж сабой і разам утвараюць адно, часта ўжываецца вобраз цела. Пачынаючы ад апостала Паўла, ён выкарыстоўваецца ў адносінах да Касцёла і прызнаецца ў якасці яго найбольш глыбокай і цудоўнай характэрнай рысы”, - сказаў Папа. Францішак нагадаў пра ўражваючы прыклад з кнігі прарока Эзэхіэля, калі Бог, праз спасланне Святога Духа, ажывіў і напоўніў жыццём жменьку перасохлых і раскіданых касцей, стварыўшы з іх адзінае і поўнае цела. “Вось такім ёсць Касцёл! Гэта шэдэўр, шэдэўр Духа, які вылівае на кожнага чалавека новае жыццё Уваскроскалага і ставіць аднаго побач з другім, аднаго на службу і ў падтрымку іншаму, утвараючы такім чынам з усіх нас заснаванае на еднасці і любові цела”, - сказаў Папа.

Касцёл, аднак, гэта не толькі цела, пабудаванае на Духу, але, перш за ўсё, цела Хрыста! Папа падкрэсліў, што гэта не проста метафара, але рэчаіснасць. “У сакрамэнце хросту Хрыстус робіць нас сваімі, прымаючы ў сэрца таямніцы крыжа, найвышэйшай таямніцы сваёй любові да нас, для таго, каб дазволіць потым уваскрэснуць з Ім, як новым стварэнням. (...) Хрост уяўляе сабой сапраўднае адраджэнне, якое нас перараджае ў Хрысце, робіць Яго часткай, блізка яднае паміж сабой, як членаў аднаго цела, галавой якога з’яўляецца Ён”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што еднасць вернікаў з Хрыстом заснавана на Божай любові, а ўсведамленне гэтага павінна стаць сапраўдным натхненнем. “Гэта думка, аднак, павінна нараджаць у нас жаданне адказваць Пану Езусу і дзяліцца Яго любоўю паміж сабой, як паміж жывымі членамі Яго цела. У часы св. Паўла супольнасць Карынту мела шмат цяжкасцяў у гэтым сэнсе, жывучы, як часта і мы, досведам падзелаў, зайздрасці, непаразуменняў і непрыняцця. Усё гэта – нядобрыя рэчы, бо замест таго, каб будаваць і даваць узрастаць Касцёлу, як целу Хрыста, разбівае яго на часткі, разчляняе”, - сказаў Папа.

Падзелы і непаразуменні, на думку Святога Айца, з’яўляюцца небяспечнымі, таму што менавіта з іх пачынаюцца сапраўдныя войны і канфлікты. У сувязі з гэтым, актуальнымі для сучасных вернікаў з’яўляюцца парады апостала Паўла, скіраваныя да карынцянаў, лічыць Пантыфік. Следам за апосталам Папа заклікаў “не быць зайздроснымі ў супольнасцях”, але цаніць дары і цноты братоў, удзельнічаць у пакутах бедных і самых патрабуючых, быць удзячнымі да тых, хто выконвае самае сціплае і нябачнае служэнне, таму што сэрца здольнае казаць “дзякуй” – гэта добрае сэрца. Францішак запрасіў вернікаў не ўзвышацца над іншымі, але ў любові прызнаваць сябе членамі адно аднаго, якія жывуць і дораць сябе на карысць усіх.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 22 кастрычніка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Яна Паўла ІІ. Ён пажадаў, каб духоўная спадчына святога Папы не была забытай, але натхняла на разважанне і дзейнасць на карысць Касцёла, сям’і і грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.