2014-10-23 11:09:28

Святы Айцец: праслаўляючы Бога – ўмацоўваемся ў любові


RealAudioMP3 Малітва праслаўлення ўмацоўвае ў любові да Бога і бліжняга, лічыць папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 23 кастрычніка 2014 г. Пантыфік пахіліўся над малітвай апостала Паўла аб тым, каб эфесцы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай. Павел карыстаецца мовай “без абмежаванняў”: ён “схіляе калені перад Айцом”, шануе Бога “як мора без берагоў, без межаў, як бясконцае мора”, - заўважыў Святы Айцец. У той жа час, паводле Папы, ён просіць Айца за ўсіх нас. “Просіць Айца, каб Дух сышоў і ўмацаваў нас, даў нам сілу. Немагчыма развівацца без сілы Духа. Нашы сілы – слабыя. Немагчыма быць хрысціянамі, без ласкі Духа. Гэта менавіта Дух змяняе сэрца, дапамагае развівацца ў цнотах, каб спаўняць запаведзі”, - сказаў Папа. Францішак заўважыў, што іншая ласка аб якой маліўся Апостал народаў, тычылася ўзрастання ў любові праз блізкасць з Езусам. Любоў Хрыста, “якая пераўзыхоўдзіць кожнае пазнанне”, “немагчыма зразумець” іншым спосабам, акрамя “адарацыі гэтай бясконцай велічы”.

“Гэта містычны досвед Паўла і ён вучыць нас малітве праслаўлення і шанавання. Перад нашымі слабасцямі, нашымі шматлікімі эгаістычнымі інтарэсамі, Павел успыхвае ў праслаўленні, у гэтым акце адарацыі, і просіць Айца спаслаць на нас Духа, каб даў сілы і дазволіў развівацца; каб дапамог зразумець любоў Хрыста і каб Хрыстус нас умацаваў у любові”, - адзначыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, прыклад малітвы апостала Паўла з’яўляецца карысным таксама для сучасных вернікаў. “Добра праслаўляць Бога, уваходзіць у гэты свет шырыні, велічы, шчодрасці, любові. Гэта добра, бо можам развівацца ў вялікім прыказанні – адзіным прыказанні, якое стаіць у аснове іншых: любові, любові да Бога і бліжняга”, сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.