2014-10-24 16:41:23

Арцыбіскуп Кандрусевіч прымае ўдзел у святкаванні 100-годдзя Шанштацкага руху


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел у святкаванні 100-годдзя з дня заснавання Марыйнага апостальскага руху з Шанштата, якое праходзіць у Рыме. Кульмінацыяй урачыстасцяў павінна стаць аўдыенцыя ў папы Францішка, якая пройдзе 25 кастрычніка 2014 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. У ёй прымуць удзел каля 7500 тыс. чалавек – святары, кансэкраваныя асобы, сужонкі, сем’і і моладзь з больш чым 50 краін свету. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі распавёў, што Шанштацкі рух з’яўляецца міжнародным каталіцкім аб’яднаннем, якое было заснавана хутка пасля пачатку Першай сусветнай вайны, 18 кастрычніка 1914 г. нямецкім святаром а. Ёзафам Кантэніхам.

Ён лічыў, што “для новага часу патрэбны новы чалавек, выхаваны на прынцыпах Евангелля” і менавіта спаўненню гэтай мэты павінен быў дапамагаць заснаваны ім рух. На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, а. Кантэніх “на 50 гадоў апярэдзіў ІІ Ватыканскі Сабор”, які казаў пра важнасць чытання “знакаў часу” і адпаведнага фармавання сучаснага чалавека. Марыйная пабожнасць руху звязана з упэўненасцю, што прыкладам для сучаснага чалавека павінна быць Маці Божая і яе адкрытасць на волю Бога, падкрэсліў беларускі іерарх.

Шанштацкі інстытут Сясцёр Марыі быў адной з першых супольнасцяў, якая пачала працаваць у Беларусі, адзначыў арцыбіскуп. “У Беларусі гэты рух прысутнічае з 1990 г. Ён звязаны з выхаваннем моладзі, дабрачыннай дзейнасцю. У ім ёсць мясцовыя пакліканні, а сёстры працуюць не толькі ў парафіях, займаючыся катэхізацыяй, але асаблівую ўвагу звяртаюць на працу з сем’ямі.”, - распавёў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Сёння члены Шанштацкага руху працуюць у Мінску, Гродне, Мастах і іншых гарадах. Да яго належаць таксама некалькі святароў з Беларусі, падзяліўся Мітрапаліт. Шанштацкі рух з’яўляецца адным са шматлікіх рухаў, якія ўзніклі ў апошні час у Каталіцкім Касцёле і якія хутка і інтэнсіўна развіваюцца ў многіх кутках свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.