2014-10-24 11:59:29

Каляндар мерапрыемстваў з удзелам Папы на лістапад


RealAudioMP3 У наступным месяцы Святы Айцец прыме ўдзел у шэрагу важных мерапрыемстваў і цэлебрацый. 1 лістапада 2014 г. ён наведае рымскія манументальныя могілкі “Верана”, дзе пахаваныя шматлікія грамадскія, палітычныя і касцёльныя дзеячы. У гэтым некропалі Папа ўзначаліць Эўхарыстыю з нагоды ўрачыстасці Усіх Святых. 2 лістапада ў Ватыканскіх гротах Францішак памоліцца за ўсіх памерлых вернікаў, а таксама сваіх памерлых папярэднікаў на пасадзе св. Пятра. На наступны дзень, у базыліцы св. Пятра Пантыфік будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў інтэнцыі кардыналаў і біскупаў, памерлых цягам мінулага года.

23 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, на галоўнай ватыканскай плошчы адбудзецца св. Імша і кананізацыя шасці благаслаўлёных: біскупа Джавані Антоніа Фарына, ксяндза Кур’якаса Эліяса Кавара ад Святой Сям’і, Людовіка да Казорыя, Ніколы да Лангабардзі; Еўфрасіі Элувацінгал ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а таксама свецкага францішканіна Амата Ранконі.

25 лістапада папа Францішак наведае штаб-кватэру Еўрапарламента і Савета Еўропы ў Страсбургу, а 28-30 лістапада здзейсніць Апостальскае падарожжа
ў Турцыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.