2014-10-24 11:41:17

Таямніцы ватыканскай кухні раскрыў швейцарскі гвардзеец


RealAudioMP3 “Папская швейцарская гвардыя. Смачна есці” – пад такой назвай на паліцах кніжных крамаў з’явілася кніга для аматараў кулінарнай гісторыі і некаторых маленькіх ватыканскіх сакрэтаў. У ёй 24-гадовы гвардзеец папскай арміі з цюрыхскага кантона Давід Гэйзер раскрывае кулінарныя ўпадабанні трох апошніх Пантыфікаў і некаторых высокіх ватыканскіх іерархаў. Прэзентацыя выдання адбылася 21 кастрычніка 2014 г., а яго першыя асобнікі ўжо былі ўручаны Францішку і Бэнэдыкту XVI. Аўтар кнігі – прафесійны кухар. У 18 гадоў яго дыпломная праца, прысвечаная рэцэптам з 80 розных краін свету, стала кнігай, якая, дзякуючы сваёй папулярнасці ў Швейцарыі, у бліжэйшыя тыдні перажыве другое выданне. У 2013 г. ён вырашыў паступіць на службу ў Ватыкан, каб два гады свайго жыцця прысвяціць ахове бяспекі Святога Айца. Аўтарам ідэі напісання кнігі і яе суаўтарам стаў палкоўнік Швейцарскай гвардыі Даніэль Рудольф Анрыг.

Выданне, дапоўненае фотаздымкамі польскага фатографа Катажыны Артымяк, утрымлівае ў сабе інфармацыю аб гісторыі і штодзённым жыцці Швейцарскай гвардыі, галоўным чынам звяртаючы ўвагу на ватыканскую кухню. Чытачы могуць пазнаёміцца са штодзённым меню салдат папскага войска, рэцэптамі страваў, якія спажываюцца падчас святаў Швейцарскай гвардыі – напрыклад, у дзень прысягі рэкрутаў або ва ўспамін св. Марціна Турскага.

Кнігу робіць асабліва цікавай апавяданне пра кулінарныя ўпадабанні Папаў і ватыканскіх іерархаў. Напрыклад, любімай стравай асабістага сакратара Папы на пенсіі і прэфекта Папскага дома арцыбіскупа Георга Генсвайна з’яўляецца “сальцімбока па-рымску” – тонкі цялячы шніцэль з пармскай вяндлінай і шалфеем. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін любіць клёцкі з базылічнай і беконавай падлівай, а швейцарскі пурпурат Курт Кох – “венскі шніцэль”.

Св. Ян Павел ІІ любіў традыцыйныя польскія “пірогі”, а Бэнэдыкт XVI аддае перавагу народным баварскім стравам, у першую чаргу белым часночным сасіскам “па-рэгенсбургску”. Папа Францішак, у сваю чаргу – аматар аргентынскай кухні. На яго стале нярэдка з’яўляюцца традыцыйныя “эмпанадас” – пірагі з мясам, агароднінай і спецыямі і “каліда дэ куадрыл” – мяса, прыгатаванае на грылі. У якасці напою Святы Айцец любіць “матэ”, а на дэсерт цукарныя вяршкі з ваніллю, сцвярджае на старонках кнігі гвардзеец і кулінар.

Кніга з сакрэтамі ватыканскай кухні была напісана на нямецкай мове. У бліжэйшыя месяцы яна будзе выдадзена таксама па-англійску і па-італьянску.







All the contents on this site are copyrighted ©.