2014-10-26 11:28:15

Пакістанская каталічка асуджаная на смерць напісала ліст Папе


RealAudioMP3 Пакістанская каталічка Асія Бібі, асуджаная на пакаранне смерцю паводле закона аб блюзнерстве, напісала ўмольны ліст папе Францішку.”Ойча Францішку, гэта я, твая дачка, Асія Бібі. Прашу цябе: маліся за мяне, маліся за маё выратаванне і вызваленне. У гэты момант я магу толькі даверыць сябе Усемагутнаму Богу”, - напісала ў лісце Святому Айцу Асія Бібі. У той час, які з’яўляецца вырашальным для яе жыцця, яна адзначыла: “Я цэлы час моцна трымаюся хрысціянскай веры і ўся мая надзея ў Богу, маім Айцу, які мяне абароніць і верне свабоду. Я спадзяюся таксама і на Цябе, Святы Ойча Францішку і на твае малітвы”, - напісала яна.

Пакістанская каталічка адзначыла ў сваім лісце, што яе самай вялікай марай з’яўляецца тое, каб вярнуцца да сям’і. Дзякуе шматлікім хрысціянскім супольнасцям з усяго свету за іх малітвы ў яе інтэнцыі, а таксама за канкрэтныя намаганні, якія былі ўздыманыя з мэтай яе вызвалення. “Няхай Бог дасць святло і мудрасць усім тым, хто хадайнічае ў маёй справе”, - напісала яна.

Асія Бібі была арыштавана ў 2009 г. паводле спрэчнага закона аб блюзнерстве і прыгаворана на пакаранне смерцю. Яе абвінавацілі ў непаважлівых выказваннях у адрас прарока Мухамеда. На мінулым тыдні апеляцыйны суд у Лахоры падтрымаў гэты прыгавор. Адвакаты зняволенай каталічкі будуць звяртацца да Вярхоўнага суда, найвышэйшай інстанцыі судовай сістэмы Пакістана, за ануляваннем гэтага прыгавора. Варта нагадаць, што раней ў абарону Асіі Бібі выступіў папа Бэнэдыкт ХVI. Ён запэўніў жанчыну і яе блізкіх у сваёй духоўнай блізкасці і малітве, каб “як мага хутчэй, ёй была вернута поўная свабода”.

Вызвалення Асіі Бібі намагаліся губернатар пакістанскага штата Пенджаб, Сальман Тасер і міністр па справах рэлігійных меншасцяў Шахбаз Бхаці. За сваю дзейнасць абодва былі забітыя эктрэмістамі.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.