2014-10-27 12:05:09

Францішак заклікаў не ўжываць пустых, крывадушных і брудных словаў


RealAudioMP3 Людзі пазнаюцца па іх словах, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 27 кастрычніка 2014 г. У сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў быць дзецьмі святла, а не цемры і таму ўважліва аналізаваць свае словы, каб яны не былі крывадушнымі – “крыху тут, крыху там – каб быць у добрых адносінах з усімі”; каб не былі пустымі і пазбаўленымі сутнасці; вульгарнымі і трывіяльнымі; бруднымі і непрыстойнымі. Гэтыя чатыры віды словаў не могуць належаць дзецям святла, не паходзяць ад Святога Духа і Езуса і не з’яўляюцца евангельскімі, лічыць Пантыфік. Словы святых людзей – дзяцей святла, на яго думку, павінны быць прасякнуты любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем, на падабенства Езусавых. “Ёсць светлыя хрысціяне, поўныя святла, якія спрабуюць служыць Пану гэтым святлом”, а ёсць хрысціяне цёмныя, якія вядуць “грахоўнае, далёкае ад Бога жыццё” і карыстаюцца гэтымі чатырма відамі словаў, што “паходзяць ад злога”, сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, ёсць яшчэ і трэццяя група хрысціян – “ні светлыя, ні цёмныя”, а “шэрыя”. “Гэтыя шэрыя хрысціяне, сёння стаяць па адзін бок, заўтра – па іншы. (...) Заўсёды шэрыя, заўсёды цёплыя. Ні светлыя, ні цёмныя. Такіх Бог не любіць”, сказаў Папа спаслаўшыся на словы Апакаліпсіса св. Яна. “Шэрыя хрысціяне” паводле Пантыфіка, называюць сябе хрысціянамі “без перабольшванняў” і менавіта такія прычыняюць вялікую шкоду, таму што іх сведчанне сее непаразуменні і з’яўляецца негатыўным.

На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў быць уважлівымі да сваіх словаў і прааналізаваўшы іх спытаць у сябе: да якой групы адношуся – светлых, цёмных ці шэрых хрысціян?








All the contents on this site are copyrighted ©.