2014-10-29 10:50:30

Святы Айцец: бачная рэальнасць Касцёла знаходзіцца на службе духоўнай


RealAudioMP3 Бачная рэальнасць Касцёла павінна дапамагаць людзям адчуць на сябе спачуваючы і міласэрны позірк Езуса, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 29 кастрычніка 2014 г. “Перш за ўсё, калі размаўляем пра бачную рэальнасць Касцёла, мы не павінны думаць толькі пра Папу, святароў і кансэкраваных асобаў”, - адзначыў ён. Бачная рэальнасць Касцёла, паводле Пантыфіка, “складаецца са шматлікіх ахрышчаных братоў і сясцёр, якія ў свеце вераць, спадзяюцца і любяць”. “У яе ўваходзяць тыя, хто ідзе за Хрыстом і ў Яго імя набліжаецца да апошніх і пакутуючых, спрабуючы даць ім крыху палёгкі, суцяшэння і супакою”, - сказаў Папа. “Будзем разумець, такім чынам, што таксама і бачная рэальнасць Касцёла з’яўляецца невымернай, непазнавальнай ва ўсёй сваёй поўні: як можна пазнаць усё дабро, якое чыніцца? (...) Як можна пазнаць усе цуды, якія праз нас Хрыстус чыніць у сэрцы і жыцці кожнага чалавека? Глядзіце: таксама і бачная рэальнасць Касцёла сягае далей за наш кантроль, далей за нашы сілы і з’яўляецца рэальнасцю таямнічай, таму што паходзіць ад Бога”, - сказаў Папа.

Паводле слоў Францішка, для разумення адносін паміж бачнай і нябачнай рэальнасцю Касцёла, не існуе іншага шляху акрамя таго, як глядзець на Хрыста. Таксама і ў Хрысце, дзякуючы таямніцы Уцелаўлення, мы можам убачыць чалавечую і боскую прыроду, знітаваныя ў адной і той жа асобе, цудоўным і непарыўным чынам. “Так, аналагічным чынам адбываецца і з Касцёлам. Як у Хрысце, чалавечая прырода цалкам падтрымлівае боскую і служыць ёй дзеля спаўнення збаўлення, так адбываецца ў Касцёле, з яго бачнай рэальнасцю ў адносінах да духоўнай. Такім чынам, таксама і Касцёл – гэта таямніца ў якой нябачнае важней за тое, што бачнае, і можа быць распазнана толькі вачыма веры”, - сказаў Папа.

Зразумець, якімі чынам бачная рэальнасць можа стаць на службу нябачнай, магчыма ўглядаючыся ў Хрыста, які з’яўляецца прыкладам ва ўсім, сказаў Папа. “Як Хрыстус выкарыстаў сваю чалавечнасць для абвяшчэння і рэалізацыі Божай задумы адкуплення і збаўлення, так павінна быць і для Касцёла. Праз сваю бачную рэальнасць – праз усё, што бачнае – сакрамэнты і сведчанне ўсіх нас, хрысціян, ён пакліканы штодзённа набліжацца да людзей, пачынаючы ад таго, хто бедны, пакутуючы і маргіналізаваны, каб працягваць даваць адчуваць усім, спачуваючы і міласэрным позірк Езуса”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак заклікаў вернікаў у малітве прасіць Бога аб ласцы разумення таго, як нягледзячы на чалавечыя слабасці, Пан робіць іх прыладамі ласкі і бачнымі знакамі сваёй любові да ўсяго чалавецтва.

Вітаючы сабраных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, Пантыфік нагадаў, што ў набліжаецца ўрачыстасць Усіх Святых. У сувязі з гэтым ён заклікаў моладзь, глядзець на святых, як на прыклад для ўласнага жыцця; хворых – ахвяроўваць свае пакуты за патрабуючых навяртання; а маладых сужонкаў – клапаціцца аб росце веры ў сваіх сямейных асяродках.








All the contents on this site are copyrighted ©.