2014-10-31 14:56:12

Францішак сустрэўся з членамі харызматычных рухаў


RealAudioMP3 Касцёл мае патрэбу ў Святым Духу, сказаў папа Францішак, звяртаючыся да членаў асацыяцыі “Catholic Fraternity” – міжнароднага аб’яднання харызматычных рухаў, якіх прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI 31 кастрычніка 2014 г. У сваёй прамове Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць адзінства ў адметнасцях. Аднастайнасць, на яго думку, не адпавядае каталіцтву і хрысціянству ў цэлым. Таму, неабходна шукаць адзінства ў адметнасцях. Яно, паводле Святога Айца, заключаецца ў тым, каб з радасцю распазнаваць і прызнаваць існаванне розных дароў, дадзеных Святым Духам і ставіць іх на службу ўсіх у Касцёле. “Адзінства – гэта здольнасць слухаць, прымаць адметнасці, мець свабоду думаць па-іншаму і паказваць гэта! З усёй павагай да іншага, які з’яўляецца маім братам. Не бойцеся адметнасцяў!”, - заклікаў Пантыфік. Папа запрасіў членаў харызматычнай асацыяцыі сведчыць аб важнасці адкрыцця ўласнага сэрца на асвячальную дзейнасць Святога Духа. Малітву праслаўлення і адарацыю, асабліва характэрныя харызматычным рухам, Пантыфік параўнаў з дыханнем, “без якога хрысціянін не можа жыць”.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец папрасіў сваіх гасцей памятаць пра малітву заступніцтва, асабліва ў інтэнцыі хрысціян, якія перажываюць пераслед. “Кроў Хрыста, якую сёння праліваюць шматлікія хрысціянскія мучанікі ў розных частках свету, заклікае і падштурхоўвае нас да малітвы. Для тых, хто пераследуе – мы не падзелены, не з’яўляемся лютэранамі, праваслаўнымі, пратэстантамі, католікамі... Не! Мы адно! Для тых, хто пераследуе – мы хрысціяне! Іх не цікавіць іншае. Гэта экуменізм крыві, які сёння перажываецца”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.