2014-10-31 15:31:58

Ватыканскі кардынал выказаў занепакоенасць у сувязі з аперацыяй “Трытон”


RealAudioMP3 1 лістапада 2014 г. Еўрапейскі саюз распачне новую марскую аперацыю “Трытон”, якая ў адрозненне ад папярэдняй “Mare Nostrum”, будзе накіравана, не на выратаванне людзей, а на патруляванне марскіх межаў і стрымліванне міграцыйных плыняў. Гэта падзея выклікае вялікую занепакоенасць каталіцкіх і свецкіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі міграцыі. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў кардынал Антоніа Марыя Вэльё адзначыў, што адбываецца поўная змена курса. Аперацыя “Mare Nostrum” была распачата пасля трагедыі ля берагоў Лампедузы, калі ў кастрычніку 2012 г. у моры загінулі 368 мігрантаў. Калі “Mare Nostrum” дапамагала мігрантам у моры, то “Трытон” накіраваны, у першую чаргу, на кантроль і ахову межаў.

Пурпурат падкрэсліў, што міграцыя – з’ява няпростая. “Тысячы людзей пакідаюць свае краіны не для таго, каб пацешыцца, а таму, што ратуюцца ад небяспекі і галечы. Многія з іх бягуць ад войнаў у Сірыі, Іраку, Эфіёпіі. (…) Яны прыплываюць з паўночнай Афрыкі, куды ідуць праз пустыню. Хто ведае, колькі з іх гіне на шляху ў Лівію. Потым у Лівіі іх змяшчаюць у такія лагеры, што нашы хлявы здаюцца больш гігіенічнымі. (…) Замест таго, каб пакідаць іх на пагібель ў Міжземным моры, мы павінны дапамагчы ім”, – упэўнены кардынал Вэльё. На яго думку, казаць, што “у нас свае праблемы, хай вяртаюцца дамоў”, не толькі не па-хрысціянску, але і не па-людску. “Як можна сказаць уцекачу з Ірака: “Вяртайся дахаты”? Гэта значыць асудзіць яго на смерць,” – лічыць іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.