2014-10-31 12:29:52

Пантыфік пра небяспеку прывязанасці да літары закона


RealAudioMP3 Небяспека прывязанасці да літары закона была ў цэнтры ўвагі папы Францішка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 31 кастрычніка 2014 г. У евангельскім фрагменце, які ён пракаментаваў, Езус пытаўся ў фарысеяў, ці дазволена аздараўляць у суботу. Яны маўчалі, а Хрыстус узяў хворага за руку і аздаравіў. Пастаўленыя перад абліччам праўды, настаўнікі Закона не ведалі, што сказаць, але потым пачалі крытыкаваць Хрыста паміж сабой, нагадаў змест апавядання Папа. Паводле Святога Айца, фарысеі былі да такой ступені прывязаны да літары закона, што забыліся пра любоў і справядлівасць. Для такіх людзей у Хрыста было толькі адно слова: крывадушнікі. Сапраўдны шлях вернасці Божаму Закону не абмінае справядлівасці і любові, падкрэсліў Пантыфік. Наадварот, любоў павінна пастаянна ўзрастаць у пазнанні і ва ўсякім адчуванні, як пісаў апостал Павел. Шлях, якому вучыць Езус, на думку Францішка, гэта шлях любові і справядлівасці. Ён вядзе да святасці і сустрэчы з Богам. Прывязанасць толькі да літары закона, вядзе да закрытасці і эгаізму, пыхі, адчування ўласнай справядлівасці, а таксама фальшывай і паказной святасці.

Розніцу паміж гэтымі двума шляхамі Езус паказаў з дапамогай жэстаў: узяў хворага за руку і аздаравіў, у суботу, сказаў Папа. Важнай, на яго думку, з’яўляецца сапраўдная блізкасць, якой Езус даў сведчанне праз сваё ўцелаўленне. Менавіта ў ім Закон знайшоў сваё спаўненне, падкрэсліў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі Францішак пажадаў, каб прыклады блізкасці Езуса дапамагалі вернікам ніколі не саслізнуць у крывадушнасць і прывязанасць выключна да літары закона.








All the contents on this site are copyrighted ©.