Святы Пасад у ААН: няма больш важнага прыярытэту, чым барацьба з голадам
Велізарная колькасць
прадуктаў харчавання марнуецца, у той час як сотні мільёнаў людзей пакутуюць ад хранічнага
голаду і харчовай небяспекі. З такімі словамі да ўдзельнікаў 69-й сесіі Генеральнай
Асамблеі ААН звярнуўся Пастаянны назіральнік Святога Пасаду арцыбіскуп Бернардзіта
Ауса. 28 кастрычніка 2014 г. на парадку дня паседжання разглядаліся пытанні сельскагаспадарчага
развіцця і харчовай бяспекі.
Па дадзеных ААН, за апошнія два дзесяцігоддзі
колькасць людзей, пакутуючых ад хранічнага голаду, зменшылася на 17 %. Аднак, каля
850 мільёнаў чалавек усё яшчэ пакутуюць ад вострага голаду. Арцыбіскуп Ауса выказаў
перакананасць, што “выкараненне голаду з’яўляецца не толькі прыярытэтнай мэтай развіцця,
але і маральным імператывам”. На яго думку, прычына голаду – не ў нястачы прадуктаў
харчавання. У свеце іх вырабляецца дастаткова для таго, каб накарміць усіх. Праблема
ў іншым: у адсутнасці тэхналогій захоўвання і гандлёвай інфраструктуры, неабходных
дробным вытворцам, а таксама дзяржаўных стымулаў вытворчасці і камерцыялізацыі сельскагаспадарчай
прадукцыі. Акрамя таго, у багатых краінах мае месца буйнамаштабнае знішчэнне прадуктаў
харчавання дзеля ўтрымання цэн на высокім узроўні.
Няма больш важнага прыярытэту,
чым змаганне з голадам, бо харчаванне служыць фундаментам аховы здароўя, адукацыі,
міру і рэалізацыі правоў чалавека. Менавіта таму прадстаўнік Святога Пасада прывітаў
уключэнне пытанняў харчовай бяспекі і сельскагаспадарчага развіцця ў Парадак дня ўстойлівага
развіцця на перыяд пасля 2015 г.
Арцыбіскуп Ауса выказазаў падтрымку палітыцы,
накіраванай на аказанне дапамогі самым слабейшым: цяжарным жанчынам і дзецям ва ўзросце
да пяці гадоў. Ён нагадаў, што ад недаядання штогод пакутуе 51 мільён дзяцей, каля
7 мільёнаў паміраюць. Іерарх падкрэсліў ролю сям’і ў барацьбе з голадам і захаванні
навакольнага асяроддзя для сённяшніх і будучых пакаленняў. На яго думку, прызнанне
ролі сям’і павінна суправаджацца палітыкай і ініцыятывамі, накіраванымі на задавальненне
патрэб сельскіх жыхароў і іх сем’яў.
На заканчэнне арцыбіскуп Ауса нагадаў
удзельнікам пасяджэння пра міжнародную канферэнцыю па праблемах харчавання, якая адбудзецца
ў Рыме лістападзе 2014 г. У канферэнцыі возьмуць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў,
а таксама іншыя высокапастаўленыя дзеячы, прадстаўнікі міжурадавых арганізацый і грамадзянскага
грамадства. Папа Францішак плануе выступіць на канферэнцыі са зваротам, у якім выкажа
сваю прыхільнасць пабудове будучыні, дзе не будзе галадаць ніводзін чалавек.