2014-11-01 11:55:32

Экзарцыст: шмат беларусаў маюць патрэбу ў малітве вызвалення


RealAudioMP3 У тым, што яшчэ шмат беларусаў сёння маюць патрэбу ў малітве вызвалення, упэўнены кс. Чэслаў Паўлюкевіч, пробашч парафіі ў Росі і экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі. Калі б нават кожны святар займаўся экзарцызмам, працы хапіла б на доўгія гады, лічыць ён. Аднак, на жаль, у грамадстве вельмі вузка разумеюць гэту сферу дзейнасці, суадносячы яе непасрэдна толькі з самім абрадам экзарызма. І тут часта вінавата так званае “кіношнае” успрыманне. Але служэнне экзарцыста нашмат шырэй, а сэнс яго глыбей і далікатней, тлумачыць кс. Паўлюкевіч. “Вельмі шмат служэння патрэбна ў сферы малітвы вызвалення і ацалення людзей. Кожны чалавек у сваім жыцці бывае паранены і раніць іншых. Кожны чалавек свядома або часцей несвядома ўваходзіць у рознага роду зняволенні, якія праяўляюцца ў тым, што знішчаецца стан, у якім мы пакліканы жыць – стан шчасця, стан свабоды, які нясе нам Езус. Таму вось менавіта такое служэнне вельмі патрэбна зараз ва ўсім свеце. Вельмі рады, што шмат святароў у Беларусі зацікаўлены малітвай вызвалення, таму што раней, магчыма, мала казалі аб гэтым у семінарыях, а зараз мы сустракаемся, абмяркоўваем і дзелімся вопытам менавіта па пытаннях, як каталіцкаму святару можна дапамагчы людзям, што прыходзяць з нейкімі праблемамі”, - адзначыў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Увогуле сусветны рух святароў-экзарцыстаў з’явіўся 20 гадоў таму ў выглядзе Міжнароднай асацыяцыі, у сустрэчы якой у кастрычніку і прымаў удзел кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Усё больш святароў уваходзяць у гэта служэнне, бо часцей і часцей пачынаюць сутыкацца з праблемай у рэальным жыцці сваіх блізкіх або парафіян, прывёў прыклад кс. Паўлюкевіч. “Што тычыцца звычайных парафій у Беларусі і іншых краінах, паўсюдна святары сутыкаюцца з такімі выпадкамі. І тады ксёндз павінен спытаць сябе: “Ці гэта мая кампетэнцыя, каб дапамагчы гэтаму чалавеку?”. А часцей людзі прыходяць у Касцёл, як у апошнюю інстанцыю. І другое: “Калі гэта мая вобласць, як я магу дапамагчы?”, - адзначыў экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі.

Гісторыя экзарцызма, расказвае святар, гэта ўвогуле гісторыя хрысціянства. Праблема заўважальная сёння нават сярод практыкуючых вернікаў: людзі вераць у Бога, але не вераць у існаванне д’ябла, і гэта ёсць першая і самая вялікая памылка, лічыць кс. Паўлюкевіч. “Я думаю, калі-небудзь яны павінны ўсвядоміць гэта. Шмат вядомых тэолагаў пішуць і кажуць аб тым, што не верыць у існаванне д’ябла – гэта раўназначна таму, што не верыць у Бога. Калі мы чытаем Біблію, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, там таксама шмат разоў гаворыцца аб існаванні таго, каго мы называем ворагам чалавека”, - нагадаў святар.

Таму зараз у Росі думаюць над тым, каб малітва вызвалення гучала тут з пэўнай рэгулярнасцю. Некалькі гадоў таму каталіцкай супольнасці перадалі будынак, які зараз рэмантуецца пад рэкалекцыйны дом, падзяліўся планамі святар. “Мы хацелі б стварыць такое месца, дзе кожны тыдзень праходзілі б рэкалекцыі не толькі для тых, хто хоча перажыць вызваленне і ацаленне, але і для тых, хто жадае атрымаць станаўленне ў хрысціянстве і ўзрастанне ў сваёй веры”, - паведаміў святар.

Дарэчы, да стварэння рэкалекцыйнага дома можа прычыніцца кожны жадаючы, а інфармацыю аб экзарцыстах можна атрымаць у пробашча кожнай каталіцкай парафіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.