2014-11-04 12:19:57

Святы Айцец: мы баімся бескарыслівасці Бога


RealAudioMP3 Па прычыне эгаізму мы часта адмаўляемся ад свята, на якое Бог запрашае нас бескарысліва, лічыць Святы Айцец. У сваёй гаміліі 4 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ён спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра гаспадара, які зладзіў свята, а запрошаныя адмовіліся прыйсці на яго. На думку Францішка, ім перашкодзіў зрабіць гэта менавіта эгаізм. Ён жа перашкаджае нам пачуць голас Езуса і Яго запрашэнне. За ім стаіць таксама наш страх перад бескарыслівасцю Бога. Яго прапанова здаецца нам настолькі вялікай, а бескарыслівасць бязмежнай, што гэта выклікае ў нас падазронасць. Мы гаворым сабе: “Лепш туды не савацца”. Мы больш упэўнены ў сваіх грахах і сваёй абмежаванасці, чым у Божым запрашэнні, звярнуў увагу Пантыфік. На яго думку, “усе мы, хрысціяне, маем гэты страх схаваны ўнутры”, які выражаецца ў словах “не занадта шмат”: быць католікам, але не занадта шмат; спадзявацца на Пана, але не занадта шмат. Такое мысленне робіць нас абмежаванымі.

Бескарыслівасць Бога мабілізуе нас верыць у Яго шчодрасць і вучыць нас Яго свабодзе, таму, што збаўленне не можа быць куплена – гэта найвялікшы дар. Калі мы глядзім на крыж, мы павінны разумець, што “гэта ўваход на свята”, адзначыў Святы Айцец. Менавіта крыж дапамагае нам не баяцца бескарыслівасці Бога, бо на ім Езус памёр за нашу магчымасць удзельнічаць у Божым свяце. “Мы павінны адкрыць нашыя сэрцы, зрабіць усё, што мы можам з нашага боку”, але не забывацца, што “вялікае свята робіць Бог”, сказаў Папа падчас сваёй гаміліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.