2014-11-05 11:39:36

Біскупскае служэнне не шукаецца, а прымаецца ў паслухмянасці


RealAudioMP3 Біскупскаму служэнню прысвяціў сваю катэхезу папа Францішак 5 лістапада 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Ён адзначыў, што ў прысутнасці і служэнні біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, можна распазнасць сапраўднае мацярынскае аблічча Касцёла. “Сапраўды, праз гэтых братоў, выбраных Панам і кансэкраваных праз сакрамэнт пасвячэння, Касцёл ажыцяўляе сваё мацярынства: нараджае нас праз хрост як хрысціян, дазваляючы адрадзіцца ў Хрысце; чувае над нашым узрастаннем у веры; суправаджае нас у абдымкі Айца, для атрымання Яго прабачэння; рыхтуе для нас Эўхарыстычны стол, з якога насычае Словам Божым і Целам і Крывёю Езуса; выпрошвае для нас Божае благаслаўленне і сілы Яго Духа, падтрымліваючы ва ўсім на працягу нашага жыцця і ахіляючы Ягонай пяшчотай і цяплом, асабліва ў самыя далікатныя моманты: выпрабаванняў, пакут і смерці”, сказаў Папа.

Гэта мацярынства Касцёла асаблівым чынам выражаецца ў асобе біскупа і яго служэнні, перакананы Святы Айцец. Біскупы, пастаўлены ў галаве хрысціянскіх супольнасцяў у якасці гарантаў іх веры і жывога знаку прысутнасці Пана сярод іх. “Трэба разумець, такім чынам, што гаворка не ідзе пра прэстыжную пазіцыю, ганаровую пасаду”, - сказаў Папа. Ён заклікаў не разумець біскупскае служэнне паводле свецкай ментальнасці, маўляў, атрыманне біскупскага пасвячэння, гэта кар’ернае дасягеннне.

“Быць біскупам, азначае заўсёды мець перад вачыма прыклад Езуса, Які, на падабенства Добрага Пастыра, прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і даць сваё жыццё за сваіх авечак. Святыя біскупы – і іх шмат ў гісторыі Касцёла – дэманструюць, што гэтага служэння не шукаецца, аб ім не просяць, яго не купляюць, але яно прымаецца ў паслухмянасці, не для таго, каб узвышацца, але каб прынізіцца, як Езус “прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай”.
Сумна , калі бачыш чалавека, які імкненецца да гэтай пасады, чыніць розныя рэчы, каб дасягнуць яе, а калі атрымлівае яе – не служыць, а хваліцца, жыве толькі для ўласнай ганарыстасці”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў таксама важнасць адзінства паміж біскупамі, якое адпавядае задуме самаго Хрыста. “Як цудоўна, калі біскупы, Папа, выражаюць гэту калегіяльнасць і намагаюцца ўсё больш і больш быць слугамі вернікаў, слугамі Касцёла. Нядаўна мы маглі гэта бачыць падчас сесіі Сінода аб сям’і. Але падумаем таксама пра ўсіх біскупаў, рассеяных па свеце, якія, жывучы ў розных і далёкіх адна ад другой мясцовасцях, культурах, светаўяўленнях, традыцыях, адчуваюць сябе часткай адно аднаго і становяцца выразам блізкай сувязі ў Хрысце, паміж іх супольнасцямі. У агульнай касцёльнай малітве ўсе біскупы разам слухаюць Пана і Яго Духа, будучы здольнымі, такім чынам, мець глыбокую ўвагу да чалавека і знакаў часу”, - сказаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Францішак падкрэсліў, што Касцёл не можа быць “здаровым”, калі вернікі, дыяканы і прэзбітэры не паяднаны са сваім біскупам. Такі Касцёл, на яго думку, з’яўляецца хворым.

Вітаючы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, Францішак асаблівым чынам звярнуўся да хворых на аміатрафічны склероз, многія з якіх прыбылі ў Рым з усёй Італіі, каб патрабаваць ад ураду большай увагі да сваіх праблем. Папа запэўніў хворых у сваёй блізкасці і малітве і пажадаў, каб “грамадзянская супольнасць падтрымлівала іх сем’і ў пераадоленні цяжкага стану пакут”.








All the contents on this site are copyrighted ©.