Францішак: не баяцца рызыкаваць добрым імем дзеля збаўлення грэшнікаў
Сапраўдны хрысціянін
не баіцца рызыкнуць сваім добрым імем і статусам дзеля збаўлення грэшнікаў, адзначыў
папа Францішак 6 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў сваёй ватыканскай
рэзідэнцыі. Святы Айцец пахіліўся над евангельскімі прыпавесцямі пра згубленую авечку
і згубленую драхму. Яны паказваюць, што для Бога важнай з’яўляецца кожная асоба, і
дзеля яе збаўлення Пан не спыняецца на палове шляху, маўляў “Я зрабіў ўсё, а астатняе
– іх праблема”. Тое, што Езус “прымаў грэшнікаў і еў з імі”, дэманструе сапраўдную
прыроду Божага сэрца, лічыць Папа. Такія паводзіны Хрыста абуралі фарысеяў і кніжнікаў.
Яны не жадалі “пэцкаць рукі” адносінамі з грэшнікамі, лічылі сябе справядлівымі, выкарыстоўвалі
людзей, а затым пагарджалі імі. Фарысеі і кніжнікі жылі па прынцыпе: лепш ахвяраваць
нечым – драхмай або авечкай – каб зарабіць больш. Такая ментальнасць, паводле Святога
Айца, супрацьлеглая мысленню Бога, які не спыняецца не перад чым для збаўлення кожнай
асобы. “Бог – не бізнесмен, але Айцец, які ідзе да канца, каб збаўляць”, - сказаў
ён.
Францішак адзначыў, што сапраўдныя пастрыры і хрысціяне павінны ісці насутрач
усім людзям, каб апавядаць пра Божую дабрыню і несці пасланне збаўлення. Яны не павінны
баяцца “запэцкацца”, зняславіць сваё імя, рызыкаваць жыццём, камфортам, спакоем, статусам,
касцёльнай кар’ерай. Кніжнікі і фарысеі не ведалі, што значыць браць на плечы згубленую
авечку, і вяртаць яе на месца, і таму ім была не знаёма сапраўдная радасць. “Хрысціянін
або пастыр паўдарогі, магчыма ведае, што такое забавы, безтурботнасць, пэўны спакой,
але не ведае, што такое радасць”, - падкрэсліў Святы Айцец.