2014-11-08 11:19:39

Аргентынская праваабаронца пасля сустрэчы з Папам перагледзела сваю пазіцыю


RealAudioMP3 Старшыня аргентынскай грамадскай арганізацыі “Бабулі Пласа-дэ-Маё” Эстэла дэ Карлота перагледзела сваю ранейшую крытыку Францішка адносна яго ролі падчас ваеннай дыктатуры ў Аргентыне. “Калі хтосьці да гэтага часу дрэнна кажа пра Папу, то ён хлусіць”, - сказала праваабаронца пасля сустрэчы з Пантыфікам у Ватыкане 5 лістапада 2014 г. Адразу ж пасля абрання кардынала Берголіа на Пасад св. Пятра аргентынскія левыя СМІ высунулі сур’ёзныя абвінавачванні ў яго адрас: нібыта ён, з’яўляючыся правінцыялам езуітаў, не змагаўся за вызваленне святароў, схопленых ваенным рэжымам, што пазней абверглі самі ахвяры дыктатуры. Важныя аргентынскія праваабаронцы першапачаткова падтрымалі абвінавачванні супраць Берголіа.

Папа Францішак сустрэўся ў мінулую сераду ў Ватыкане з Эстэлай дэ Карлота і яе ідэнтыфікаваным нядаўна ўнукам Ігнасіа Мантоя Карлота. 36-гадовы малады чалавек з’яўляецца адным з прыкладна 500 дзяцей праціўнікаў рэжыму, якія нарадзіліся ў турмах і лагерах катаванняў падчас ваеннай дыктатуры ў Аргентыне (1976-1983), а затым былі адабраныя ў сваіх бацькоў і перададзеныя ў прыёмныя сем’і. Пантыфік сам выказаў жаданне “пазнаёміцца з унукам, абняць і прывітаць яго”, прызналася Эстэла дэ Карлота ў размове з аргентынскімі СМІ.

Каталіцкі Касцёл у Аргентыне нядаўна заявіў аб жаданні заняць актыўную пазіцыю ў дзейнасці па выяўленні выпадкаў незаконных усынаўленняў у перыяд ваеннай дыктатуры, і адкрыў для праваабаронцаў свае архівы.







All the contents on this site are copyrighted ©.