2014-11-19 13:52:41

Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну


RealAudioMP3 Папа Францішак пажадаў беларускім грэка-католікам, каб “з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў”. 19 лістапада 2014 г. з Пантыфікам сустрэўся архімандрыт Сяргей (Гаек), апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Яго кароткая размова са Святым Айцом адбылася пасля агульнай аўдыенцыі. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё айцец Сяргей распавёў таксама пра ўрачыстасці 100-годдзя з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча, якія праходзяць у Беларусі і Рыме.

Ойча Сяргей, калі ласка некалькі словаў пра вашу сённяшнюю сустрэчу з папам Францішкам...

Для мяне сённяшняя сустрэча з Папам, у гэтыя дні, мела асаблівае значэнне. Гэта вялікая радасць і вялікая ласка таму, што 12 лістапада 2014 г. у свята св. Язафата, Біскупа Полацкага, споўнілася 25 гадоў выхаду з падполля нашай грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Я, канешне, з гэтай нагоды прасіў у Святога Айца асаблівага благаслаўлення.

25 гадоў таму група моладзі з Мінска паехала ў Баруны, дзе тады служыў айцец Ян Матусевіч, яшчэ на рыма-каталіцкай парафіі. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пасля ён ахрысціў шмат маладых людзей. Вось чаму мы лічым гэты дзень датай аднаўлення публічнага служэння нашай Царквы. Мы не лічым, што наша Царква была ліквідавана, проста яе дзейнасць была замарожана або нейкім чынам было схавана ў падполлі наша душпастырства.

Таму благаслаўленне Святога Айца для нас і яго словы, каб мы “з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў, асабліва апошніх 25-ці гадоў”, гэта вялікая ласка, вялікая радасць.

У гэтыя апошнія тыдні і месяцы праходзяць юбілейныя ўрачыстасці, звязаныя з асобай біскупа Чэслава Сіповіча. Яны прайшлі ўжо ў Беларусі, і зараз нас чакае іх рымскі этап...

Біскуп Чэслаў Сіповіч нарадзіўся 8 снежня 1914 г. у вёсцы Дзедзінцы, пад Друяй. Дзякуючы гасціннасці біскупа Алега Буткевіча, мы ў апошнюю нядзелю жніўня святкавалі менавіта ў Друі 100-годдзе з дня нараджэння іерарха. І гэта быў беларускі этап урачыстасцяў. У Рыме, зразумела, мы хочам сканцэнтравацца на самой даце. 8 снежня 2014 г., у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, генеральны настаяцель Кангрэгацыі айцоў марыянаў арганізуе малітву і сустрэчу сяброў марыянаў і тых, хто памятае біскупа Сіповіча. Для кангрэгацыі гэта асаблівая дата таму, што іерарх быў генеральным настаяцелем марыянаў і 50 гадоў таму адкрыў місію марыянаў у Бразіліі.

У больш шырокім фармаце 7 снежня ў храме св. Антонія пры рымскім калегіўме “Russicum”, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне біскуп Сіповіч, адбудзецца ўрачыстая літургія, якую ўзначаліць архіепіскап Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Трэба адзначыць, што біскуп Сіповіч быў у свой час членам гэтай ватыканскай дыкастэрыі. Канешне, на гэту ўрачыстасць запрошаны і беларусы, якія жывуць у Рыме, і ўсе сябры Беларусі. Гэта будзе таксама дзень малітвы за Беларусь, за ўсіх хрысціянаў Беларусі, таму, што біскуп Чэслаў Сіповіч заўжды падкрэсліваў, і ў размовах са мной у тым ліку, што ён лічыць сябе святаслужыцелем для ўсіх хрысціянаў Беларусі, не толькі для грэка-католікаў, але і для рыма-католікаў і праваслаўных.

Ойча, дзякуй вялікі за арганізацыю гэтых важных для нас мерапрыемстваў. Жадаю, каб яны былі заўважаны ў Беларусі і не толькі, і прынеслі сапраўдны духоўны плён.

Дзякуй!

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.