2014-11-19 12:22:16

Святым можна стаць у кожнай жыццёвай сітуацыі


RealAudioMP3 Усе хрысціяне маюць аднолькавую годнасць перад Панам і аб’яднаны адзіным пакліканнем да святасці. Але як яго можна рэалізаваць у жыцці? На гэта пытанне Святы Айцец адказаў у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 19 лістапада 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што святасць не дасягаецца дзякуючы ўласным якасцям і здольнасцям, але з’яўляецца дарам Бога, які даецца ўсім без выключэння. Для таго, каб стаць святым, не трэба абавязкова быць біскупам, святаром ці законнікам. “Мы ўсе пакліканы да святасці!”, - нагадаў Папа, звяртаючыся да вернікаў. “Часта мы адчуваем спакушэнне думкай пра тое, што святасць вызначана толькі для тых, хто мае магчымасць аддаліцца ад штодзённых спраў, каб прысвяціць сябе выключна малітве. Але гэта не так! Некаторыя думаюць, што святасць заключаецца ў тым, каб закрыць вочы і зрабіць твар як на абразе. Не! Гэта не святасць. Святасць – гэта штосьці большае, больш глыбокае, што нам дае Бог! Больш за тое, менавіта жывучы з любоўю і даючы хрысціянскае сведчанне ў штодзённых клопатах, мы пакліканы станавіцца святымі – кожны ў тых жыццёвых умовах, у якіх прабывае”, - сказаў Папа.

На думку Францішка, кансэкраваныя асобы, пакліканы станавіцца святымі, з радасцю жывучы сваім пасвячэннем і служэннем; тыя, хто жыве ў сужэнстве – праз каханне і клапот аб мужы ці жонцы; нежанатыя вернікі – праз сумленнае і кампетэнтнае выкананне сваёй працы і прысвячэнне часу на служэнне братам. Стаць святым можна працуючы на фабрыцы, будучы бухгалтарам або маючы любы іншы занятак – важна “адкрыцца на ласку, якая працуе ўнутры нас і вядзе да святасці”, сказаў Пантыфік. “Кожная жыццёвая сітуацыя вядзе да святасці”, - падкрэсліў Папа і заклікаў не спыняцца на гэтым шляху.

Паводле Святога Айца, кожнаму верніку важна зрабіць рахунак сумлення – у цішыні адказаць перад сабой на пытанне: якім чынам я адгукнуўся на пакліканне Пана да святасці? Гэта пакліканне не з’яўляецца сумным і цяжкім, наадварот – радасным, і здзяйсняецца праз маленькія крокі, заўважыў Святы Айцец.

“Адзін прыклад. Жанчына ідзе на рынак за пакупкамі і сустракае сваю знаёмую. Яны пачынаюць размаўляць, і калі даходзіць да плётак, тая кажа: “Не, я не буду нікога абгаворваць”. Гэта крок да святасці, гэта дапамагае станавіцца святымі. Затым, дома, калі сын просіць крыху паразмаўляць пра яго выдумкі, ты адказваеш: “Я стомлены, бо працаваў шмат сёння”. Сядзь і выслухай свайго сына, ён мае ў гэтым патрэбу! Гэта крок да святасці. Калі заканчваецца дзень – мы ўсе вельмі стомленыя. А як жа малітва? Памолімся! Гэта крок да святасці!”, - сказаў Папа.

Маленькімі крокамі да святасці, паводле Святога Айца, з’яўляецца таксама ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі і споведзь, малітва на ружанцы, спыненне на вуліцы, дзеля размовы і дапамогі патрабуючым. “Кожны крок да святасці робіць нас лепшымі, свабоднымі ад эгаізму, закрытасці ў саміх сябе і адкрытымі на братоў і іх патрэбы”, - сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 21 лістапада 2014 г. Касцёл будзе адзначаць дзень, прысвечаны манаскім кляўзуровым супольнасцям. Ён заклікаў дзякаваць Пану за дар людзей, якія прысвячаюць сябе Богу ў малітве і дзейсным маўчанні ў кляштарах і пустэльнях, і падтрымліваць іх малітоўна.








All the contents on this site are copyrighted ©.