2014-11-21 11:29:36

Кардынал Вэльё: каб захаваць рыбныя рэсурсы Зямлі, трэба паважаць прыроду


RealAudioMP3 21 лістапада 2014 г. адзначаецца Сусветны дзень рыбалоўства. З гэтай нагоды старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў, кардынал Антоніа Марыя Вэльё, накіраваў пасланне да ўсіх зацікаўленных асоб і арганізацый, каб прыцягнуць увагу да рыбнай гаспадаркі, у якой працуе 58 мільёнаў чалавек. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі заклікаў нацыянальныя і мясцовыя душпастырствы працаўнікоў мора пашыраць сваю прысутнасць ў портах і рэалізоўваць праграмы, якія дазволяць зрабіць рыбакоў і іх сем’і неад’ёмнай часткай мясцовай хрысціянскай супольнасці.

Кардынал Вэльё нагадаў, што рыбалоўства – адна з самых небяспечных прафесій. Штогод у моры гінуць сотні людзей, многія пакутуюць ад прафесійных рызык. Рыбакі падвяргаюцца эксплуатацыі, насіллю, робяцца ахвярамі гандлю людзьмі і прымусовай працы. У пасланні гаворыцца, што ратыфікацыя Пагаднення пра працу ў рыбагаспадарчым сектары дазволіць калі не цалкам выкараніць гэтыя рызыкі, прынамсі, даць рыбакам дадатковую абарону. Яго мэта – гарантаваць рыбакам годныя ўмовы працы, медыцынскае абслугоўванне і сацыяльнае забеспячэнне.

Міравы акіян знаходзіцца пад уплывам вялікага ціску. Па дадзеных ФАО, 30% усіх рыбных рэсурсаў вычарпаны або падвяргаюцца празмернай здабычы. Для гэтага ёсць шэраг прычын: змена клімату, незаконная, некантраляваная і нерэгуляваная лоўля, забруджанне вадаёмаў, выкарыстанне дынаміту, цыяніду і іншых нерацыянальных метадаў рыбнай лоўлі. “Са спрадвечных часоў рыбалоўства служыць чалавеку крыніцай ежы і мае вялікае значэнне для эканомікі многіх краін. Аднак сёння здабыча рыбы дасягнула крытычнага ўзроўню: існуе рэальная рызыка, што ў хуткім часе многія ўзбярэжныя супольнасці страцяць крыніцу свайго існавання”, - адзначаецца ў пасланні. Каб гэтага пазбегнуць, лічыць кардынал Вэльё, трэба весці адказнае рыбалоўства і з павагай ставіцца да прыроды.








All the contents on this site are copyrighted ©.