2014-11-21 11:25:46

Пантыфік: развіццю спрыяюць асобы, а не грошы


RealAudioMP3 Адказваць на канкрэтныя патрэбы, пазбягаючы думак пра тое, што перамагчы крызіс немагчыма, заклікаў папа Францішак удзельнікаў Фестывалю сацыяльнага навучання Касцёла, які праходзіць у італьянскай Вероне 20-23 лістапада 2014 г. У сваім відэазвароце Святы Айцец выказаў падтрымку шматлікім асобам, якія штодзённа вымушаны шукаць выйсця з пужаючай сітуацыі, выкліканай эканамічнай нестабільнасцю. У дадзеным кантэксце, на думку Пантыфіка, вялікай спакусай з’яўляецца жаданне клапаціцца толькі пра “уласныя раны” і апраўдваць імі сваю неахвоту прыслухоўвацца да воклічу бедных і пакутаў беспрацоўных. Абыякавасць да лёсу бліжніх – гэта пастка, якая робіць чалавека сляпым, глухім, нямым і эгаістычным – прыводзіць да самотнага самалюбавання, перакананы Папа. Гаворачы пра сітуацыю з фінансамі, Францішак адзначыў, што грошы павінны інвеставацца ў стварэнне працоўных месцаў, развіццё талентаў і ведаў, праектаванне дабрабыту і абарону навакольнага асяроддзя. “Кажуць, што шмат немагчыма зрабіць па прычыне недахопу грошай”, але, “каб набываць зброю, весці войны, безадказныя фінансавыя аперацыі – грошы знаходзяцца”, і пра гэта “звычайна маўчаць”, заўважыў Пантыфік. Тут, на яго думку, праблема не ў адсутнасці фінансаў, а ў людзях. “Грошы, самі па сабе не садзейнічаюць развіццю. Каб яно адбывалася, неабходныя асобы, якія маюць адвагу браць ініцыятыву на сябе”, - сказаў Святы Айцец.

Ініцыятыва, паводле Францішка, заключаецца не толькі ў прыняцці тэхналагічных інавацый у дзейнасці прадпрыемстваў, але ў стварэнні новых адносін – увядзенні новых форм саўдзелу і адказнасці работнікаў, новых формул уваходу ў свет працы, стварэнні моцных адносін паміж прадпрыемствамі і мясцовымі тэрыторыямі.

“Браць ініцыятыву – азначае пераўзыходзіць асістэнцыялізм”, - сказаў Пантыфік. Ён прывёў прыклад бацькі дзіцяці з сіндромам Даўна, які, каб дапамагчы хлопцу адчуваць уласную годнасць і паклапаціцца пра яго будучыню, заснаваў прадпрыемства, на якім працуюць толькі асобы з гэтым сіндромам. Гэта, на думку Святога Айца, называецца “выходзіць па-за рамкі”. Стаяць на месцы, - паводле яго - азначае пастаянна прасіць дапамогі ў дзяржавы і розных арганізацый. Папа перакананы, што стымуляваць развіццё павінна не тэхналогія, а любоў, якая, убачыўшы праблему, не супакойваецца, пакуль не знойдзе з яе выйсця.








All the contents on this site are copyrighted ©.