2014-11-21 14:11:14

Святы Айцец: у хрысціянскай супольнасці няма чужых


RealAudioMP3 21 лістапада 2014 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі VII Сусветнага кангрэса пастырства мігрантаў, які завяршыўся ў Рыме. Пантыфік нагадаў, што нягледзячы на новыя трагічныя падзеі міграцыя застаецца “падарожжам надзеі”, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе адсутнасць працы перашкаджае годнаму жыццю і з’яўляецца магутным стымулам для пошуку лепшай будучыні. На думку Святога Айца, асноўнымі фактарамі міграцыі з’яўляюцца няроўнасць, беднасць, павелічэнне колькасці насельніцтва, змены на сусветным рынку працы, стыхійныя бедствы, войны, пераследы, а таксама імкненне моладзі знайсці новыя магчымасці працаўладкавання.

Францішак звярнуў увагу ўдзельнікаў кангрэса на пазітыўны бок міграцыі. У сувязі з дэмаграфічным крызісам праца імігрантаў прыносіць эканамічную карысць многім краінам. Адзначаецца скарачэнне ўзроўню беспрацоўя і прыток грашовых паступленняў, якія мігранты высылаюць сваім сем’ямі. Нарэшце, мігранты рэалізуюць свае мары пра лепшую будучыню. Аднак, заўважыў Пантыфік, міграцыю суправаджае і шэраг праблем: “уцечка мазгоў”, дзеці, якія растуць без бацькоў, крушэнне сужэнстваў. Некаторыя мігранты селяцца ў бедных гарадскіх раёнах, з цяжкасцю інтэгруюцца і не заўсёды паважаюць сацыяльныя і культурныя нормы. У гэтай сувязі, упэўнены Святы Айцец, каталіцкія душпастыры адыгрываюць важную ролю ініцыятараў дыялогу, пасярэднікаў паміж мігрантамі і мясцовым насельніцтвам.

Папа нагадаў, што Касцёл надае значную ўвагу евангелізацыі і задавальненню духоўных патрэб мігрантаў праз катэхезу, літургію і ўдзяленне сакрамэнтаў. Касцёл імкнецца быць крыніцай надзеі для мігрантаў, часта расчараваных і самотных. Для іх распрацаваны спецыяльныя праграмы па прафесійнай падрыхтоўцы і арыентацыі, абароне правоў, аказанню матэрыяльнай дапамогі.

Папа Францішак перакананы, што замест таго, каб бачыць у мігрантах праблему, неабходна ацаніць іх патэнцыял. Кожнаму мігранту трэба гарантаваць магчымасць удзелу ў жыцці грамадства. Асабліва гэта тычыцца хрысціянскай супольнасці, дзе няма чужых і незнаёмых. Напрыканцы зварота Пантыфік даверыў удзельнікаў кангрэса апецы Маці Божай і Святога Юзэфа, якія некалі таксама пазналі цяжкасці выгнання ў Егіпет.








All the contents on this site are copyrighted ©.