2014-11-21 12:38:32

Францішак: касцёлы – не для вядзення бізнесу


RealAudioMP3 Касцёлы ніколі не павінны станавіцца месцамі для вядзення бізнесу, нагадаў папа Францішак 21 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над знакамітым евангельскім урыўкам пра выгнанне гандляроў са святыні (Лк 19,45-48). На думку Святога Айца, моцны жэст Езуса быў актам ачышчэння, таму што святыня была апаганена, а разам з ёй увесь Божы народ – апаганены грахом згаршэння. Людзі, якія прыходзілі ў святыню, шукалі Бога, маліліся, але павінны былі мяняць манеты, каб зрабіць ахвяраванне. Пераўтварэнне святога месца ў месца для вядзення бізнесу, паводле Папы, было сапраўдным згаршэннем для людзей. Таксама і сёння вернікі горшацца, калі бачаць цэннікі на хрост, благаслаўленне, інтэнцыю для св. Імшы, заўважыў Пантыфік. Францішак распавёў пра выпадак, калі ў адным з касцёлаў на цэлебрацыю сакрамэнту сужэнства выдзялялася толькі 20 хвілін, з адпаведным коштам за гэта. Каб сакрамэнт быў удзелены ў рамках св. Імшы, вернікам прыходзілася плаціць падвойны кошт – за 40 хвілін. Гэта, на думку Пантыфіка, было здачай святыні ў арэнду – сапраўдным грахом згаршэння.

Пантыфік перакананы, што калі святары або свецкія, што служаць у касцёле, пачынаюць рабіць бізнес на выкарыстанні святыні – гэтым правакуюць людзей. Народ Божы, у сваю чаргу, здольны прабачаць сваім святарам слабасці і грахі, але ёсць дзве рэчы якія ён “прабачыць не можа: прывязанасць святара да грошай і яго кепскія адносіны да людзей”, - сказаў Францішак.

Божае збаўленне заўсёды павінна быць бясплатным, нагадаў Папа і заклікаў хрысціян захоўваць касцёлы чыстымі ад фінансавых злоўжыванняў і прымаць усіх, хто тыды прыходзіць, з любоўю.








All the contents on this site are copyrighted ©.