2014-11-23 14:45:06

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння на тэму сям’і: мы стаім на краі прорвы


RealAudioMP3 Мы стаім на краі прорвы, мы павінны спыніцца. Калі зробім наступны крок, не будзе шляху назад, так вобразна прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Герхард Людвіг Мюлер, апісаў бягучы стан сужэнства і сям’і ў секулярызаваным заходнім свеце. Сужэнства як узаемадапаўняльныя адносіны паміж мужчынай і жанчынай знаходзіцца ў небяспецы і падлягае скажэнню. Мы з’яўляемся сведкамі свайго роду самагубства чалавецтва, сказаў іерарх у інтэрв’ю штотыднёвіку “National Catholic Register”.

Супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі быў пакліканы міжрэлігійны калоквіум па ўзаемадапаўняльнасці паміж мужчынам і жанчынай у шлюбе, які адбыўся на пачатку тыдня ў Ватыкане, і які скончыўся з вялікім поспехам, лічыць нямецкі кардынал. Аказалася, што розныя хрысціянскія канфесіі і 14 сусветных рэлігій могуць даць агульнае сведчанне галоўных ісцін, звязаных з сужэнствам. Хоць існуюць розныя традыцыі і бачанні сужэнства, але ўсе згодныя адносна самой яго прыроды, сцвердзіў іерарх. Ён адзначыў, што сёння шмат шуму вакол сям’і, і нават можа скласціся ўражанне, што пра яе гаворыцца шмат. На самой справе, увесь гэты шум тычыцца пытанняў маргінальных, праблематычных ці нават варожых да сям’і, як імкненне да новай дэфініцыі сужэнства. Шмат гаворкі пра секс ці няўдалыя адносіны, а не пра тое, як мужчына і жанчына патрэбныя адзін аднаму і дапаўняюць адно аднаго. А менавіта гэтым зацікаўлена пераважная большасць людзей. Яны хочуць ведаць, што рабіць, каб сужэнства было лепшым і мацнейшым.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што маўклівая большасць не разумее, што адбываецца на самой справе, або ёй проста закрылі рот абвінавачваннямі ў дыскрымінацыі, якія высоўваюцца да тых, хто абараняе традыцыйную сям’ю. “Але мы не можам пагадзіцца з тым, што сужэнства разглядаецца як прадукт культуры і грамадства. Не, гэта аснова асноў чалавецтва”, - сказаў кіраўнік Кангрэгацыі Веравучэння.

Ён выказаў надзею, што калоквіўм, які скончыўся 19 лістапада 2014 г., будзе мець станоўчы ўплыў на сінадальную дыскусію пра сям’ю. Кардынал адзначыў, што ўзровень выступленняў быў вельмі высокі, а форум суправаджаўся моцным пачуццём адказнасці за будучыя пакаленні.







All the contents on this site are copyrighted ©.