2014-11-24 13:12:04

Арцыбіскуп Кандрусевіч: прысутнасць “Opus Dei” у Беларусі ўзбагаціла б наш Касцёл


RealAudioMP3 “Opus Dei” (Справа Божая) – персанальная прэлатура Каталіцкага Касцёла, якая дзейнічае ў 80 краінах свету. Арганізацыя налічвае больш за 90 тыс. членаў. Калі казаць пра краіны, найбольш блізкія геаграфічна да Беларусі, то арганізацыя дзейнічае ў Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі, Казахстане. Існуе і шукае рэалізацыі ідэя пра стварэнне цэнтру “Opus Dei” ва Украіне. У Беларусі пакуль можна толькі набыць кнігі, напісаныя святым Хосэмарыя Эскрыва – заснавальнікам арганізацыі. У гэтым годзе ў выдавецтве “Про Хрысто” выйшаў пераклад на беларускую мову зборніка яго гамілій “Хрыстос праходзіць побач”. Адзін раз на год, у канцы чэрвеня ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі персанальнай прэлатуры для ўдзелу ў Імшы памяці св. Хосэмарыя Эскрыва.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч добра знаёмы з дзейнасцю Справы. Калі ён пачынаў служыць у Расіі, “Opus Dei” таксама пачаў там працу – у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Шмат увагі арганізацыя надае працы з моладдзю і інтэлігенцыяй, і гэта служэнне прыносіць шматлікія плады. “Мне вельмі хацелася б, каб “Opus Dei” быў у Беларусі, чакаю, што, можа, у будучым кіраўніцтва прэлатуры прыме такое рашэнне і яны тут будуць, бо іх прысутнасць узбагаціла б наш Касцёл як інтэлектуальна, так і духоўна, асабліва ў працы з інтэлігенцыяй і моладдзю, а таксама ў дабрачыннасці. Яны маглі б нам дапамагчы ў фармацыі новых святароў, каталіцкай інтэлігенцыі. Маючы добры досвед працы з імі, я звяртаюся да іх і малюся, каб яны маглі быць у нашай краіне, у Беларусі, і дапамагаць далей у адраджэнні і станаўленні Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне”, - адзначыў Мітрапаліт у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

“Opus Dei” была створана ў 1928 г. каталіцкім святаром Хосэмарыя Эскрыва. У 2002 г. заснавальнік быў кананізаваны. Эскрыва – аўтар кніг “Сябры Божыя”, “Шлях”, “Кузня”, “Баразна”, “Крыжовы шлях”, “Хрыстос праходзіць побач”.

Мэта “Opus Dei” – дапамагаць вернікам знайсці святасць у штодзённым жыцці, займаючыся звычайнымі зямнымі справамі – у працы, сям’і, паўсядзённых занятках, прафесійнай дзейнасці. “Бог заклікае вас служыць яму ў звычайных, штодзённых справах, як бы з іх, знутры. Ён чакае ад нас гэтага ўвесь час, усюды – у лабараторыі, аперацыйнай, казарме, на кафедры, на заводзе, у майстэрні, у полі, дома... Ці мы навучымся знаходзіць Бога ў штодзённым жыцці, ці наогул Яго не знойдзем”, - вучыў св. Хосэмарыя Эскрыва.

Асвячаць сваю прац – значыць, імкнуцца да дасканаласці ў рабоце: па чалавечых мерках даводзіць пачатае да дасканаласці, гэта значыць быць прафесійна кампетэнтным, і ўмець працаваць, імкнучыся да дасканаласці ў хрысціянскім сэнсе – з любові да волі Божай і дзеля служэння бліжняму. Хрысціяніну, працаўніку ў свеце, трэба пазбягаць “спакусы падвойнага жыцця, па адзін бок – жыццё ўнутранае, сувязь з Богам, па іншы, зусім асобна – прафесійная, сацыяльная, сямейная дзейнасць, дзе тоўпяцца і кішаць дробныя зямныя справы”. “Не, дзеці мае! Мы так жыць не можам! Мы – хрысціяне, а не шызафрэнікі. Жыццё – адно, яе мы і павінны асвяціць, напоўніць Богам і плоць і дух”, - пісаў заснавальнік “Opus Dei”, заклікаючы вернікаў да цэльнасці жыцця.

Духоўная падрыхтоўка, якую ажыццяўляе прэлатура, дапаўняе працу памесных Касцёлаў. Далучэнне да арганізацыі не змяняе жыццёвы статус вернікаў. З больш чым 90 тыс. членаў 98% складаюць свецкія – мужчыны і жанчыны, большасць якіх жывуць у сужэнстве. Каля 2 тыс. – гэта духавенства.

Разам з касцёльнымі ўстановамі, створанымі арганізацыяй ці ёй даверанымі, як, напрыклад, Папскі універсітэт Святога Крыжа ў Рыме, – верныя прэлатуры і памочнікі, разам з іншымі людзьмі усюды ствараюць выхаваўчыя, дабрачынныя і культурныя цэнтры, каб даць людзям адукацыю і дапамагчы ім у жыцці. Гэта школы, бальніцы, універсітэты, цэнтры для прафесійнай падрыхтоўкі. Праекты членаў “Opus Dei” адказваюць надзённым патрэбам краін або грамадства, у якім яны жывуць. Адны з самых вядомых устаноў – Наварскі ўніверсітэт, бізнэс-школа ў Барселоне, ВНУ у Перу, Калумбіі і на Філіпінах, каледж у Кеніі, цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі ў прыгарадзе Рыма, культурны і спартыўны цэнтр у Чыкага, цэнтр развіцця жанчын з індзейскіх плямёнаў каля Мехіка.

Павел Міцкевіч і Алена Германовіч, Пінская дыяцэзія







All the contents on this site are copyrighted ©.