Папа ў Еўрапарламенце: складаецца агульнае ўражанне стомленасці і старэння Еўропы
Пантыфік прыехаў у
Страсбург з “пасланнем надзеі і заахвоты”. Аб гэтым ён паведаміў сам, выступаючы 25
лістапада 2014 г. перад Еўрапейскім парламентам. Ён звярнуў увагу на цесную сувязь
паміж двума паняццямі – “годнасць” і “трансцэндэнтнасць”. Разуменне першага “нарадзілася
ў выніку доўгага шляху, які ўключаў шматлікія пакуты і ахвяры”, што прычынілася да
ўспрыняцця “унікальнасці кожнага асобнага чалавека”. Сёння барацьба за правы чалавека
адыгрывае ключавую ролю ў рамках дзейнасці Еўрапейскага саюза, - лічыць Пантыфік -
бо існуе яшчэ занадта шмат сітуацый, “у якіх людзі разглядаюцца як аб’екты, чыю канцэпцыю,
структуру і прыдатнасць можна запраграмаваць, і якіх затым можна выкінуць, калі яны
больш не патрэбныя, паколькі становяцца слабымі, хворымі ці старымі”. Тым не менш,
варта звярнуць увагу, каб не патрапіць у некаторую двухзначнасць, якая можа узнікнуць
па прычыне неразумення ідэі правоў чалавека і парадаксальнага злоўжывання імі. Гаворка
ідзе пра тэндэнцыю нарошчвання індывідуальных правоў, што адрывае чалавечую асобу
ад сацыяльнага і антрапалагічнага кантэксту. Пантыфік заклікаў да паглыблення “культуры
правоў чалавека”, як балансу паміж індывідуальнымі правамі і агульным дабром.
Францішак
прызнаўся, што адным з самых распаўсюджаных “захворванняў”, якія ён бачыць у сённяшняй
Еўропе, з’яўляецца адзінота. Яна асабліва характэрная для пажылых людзей, якім часта
даводзіцца самім клапаціцца пра сябе, а таксама маладым людзям без арыенціраў і магчымасцяў
для будучыні. Яна заўважальная таксама ў многіх бедных людзей, якія жывуць у еўрапейскіх
гарадах, у “разгубленых вачах” імігрантаў, што прыехалі ў Еўропу, каб шукаць лепшай
будучыні.
Папа заўважыў, што ў апошнія гады, разам з працэсам пашырэння ЕС,
расце недавер грамадзян да яго інстытутаў, якія займаюцца стварэннем законаў, далёкіх
ад пачуццяў асобных народаў, і нават шкодных для іх. “З многіх пунктаў гледжання складаецца
агульнае ўражанне стомленасці і старэння Еўропы – бабулі, бясплоднай і ледзве жывой”,
- падзяліўся сваім бачаннем Святы Айцец. Яму здаецца, “што вялікія ідэалы, якія натхнялі
Еўропу, страцілі сваю сілу прыцягнення на кошт бюракратычна-тэхнічных механізмаў яе
інстытутаў”.
Паводле Папы, Еўропу можа выратаваць непарыўная сувязь паміж адкрыццём
на трансцэндэнцыю, на Бога, і практычнай і канкрэтнай здольнасцю вырашаць “зямныя”
сітуацыі і праблемы. Такі падыход, звярнуў увагу ён, не ўяўляе пагрозы для свецкага
характару дзяржавы .
Дэвіз Еўрапейскага Саюза: Адзінства ў разнастайнасці.
І тут трэба разумець, што “адзінства не азначае аднастайнасці палітычнай, эканамічнай,
культурнай або думкі”, - падкрэсліў Францішак. Аснова Еўрасаюза – у прынцыпах салідарнасці
і субсідыярнасці, а гомалагічная канцэпцыя глабалізацыі толькі шкодзіць дэмакратычнай
сістэме. Захаванне ў Еўропе жывой дэмакратыі патрабуе пазбягання шматлікіх “глабалізацыйных
шляхоў” размыцця рэальнасці: ангелічных пурызмаў, дыктатуры рэлятывізмаў, антыгістарычных
фундаменталізмаў, этыцызмаў без дабрыні, інтэлектуалізмаў без мудрасці, лічыць Папа.
Захаваць
Еўропу можа сям’я, звярнуў увагу Пантыфік. Менавіта яна – “адзіная, плодная і непарыўная,
аб’ядноўвае асноўныя элементы, якія даюць надзею на будучыню”. Без гэтага “даходзіць
да пабудовы на пяску, з сур’ёзнымі сацыяльнымі наступствамі”. У дадатак да сям’і,
Еўропа патрабуе таксама адукацыі. Яна не можа быць абмежавана да набору тэхнічных
ведаў, але павінна ахопліваць “складаны працэс чалавечага развіцця ў цэлым”.
Еўропа
патрабуе клопату пра экалогію. “Кожны нясе персанальную адказнасць за захаванне тварэння,
каштоўнага дару, які Бог ўклаў у рукі людзей”, - сказаў Францішак. У гэта ўключана
павага да аграрнага сектару, які закліканы даць чалавеку падтрымку і харчаванне. “Немагчыма
прыняць тое, што мільёны людзей ва ўсім свеце паміраюць ад голаду, у той час як кожны
дзень тоны ежы выкідваюцца з нашых сталоў”, - звярнуў увагу Папа.
Пантыфік
падкрэсліў, што ў Еўропе “прыйшоў час для падтрымкі палітыкі занятасці, але, у першую
чаргу, аднаўлення годнасці працы”. Таксама трэба знайсці належны падыход да праблемы
міграцыі. “Не можна змірыцца з тым, што Міжземнае мора стала вялікімі могілкамі!”,
- сказаў ён.
Папа закрануў і тыпова палітычныя пытанні. Ён заклікаў “весці
творчы дыялог” з краінамі, якія звярнуліся з просьбай уступіць у Еўрапейскі Саюз.
Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра балканскія краіны, для якіх уваход у Еўрасаюз можа
паслужыць рэалізацыяй ідэалаў міру ў рэгіёне. Таксама важнае значэнне маюць адносіны
з іншымі суседнімі краінамі, асабліва тымі, якія пакутуюць ад унутраных канфліктаў
і ціску рэлігійнага фундаменталізму і міжнароднага тэрарызму.
Францішак нагадаў
еўрапарламентарыям пра неабходнасць развіваць еўрапейскую ідэнтычнасць і вярнуць давер
грамадзян да інстытутаў ЕС, а таксама не забывацца, што двухтысячагадовая гісторыя
звязвае Еўропу і хрысціянства.
“Паважаныя дэпутаты Еўрапарламента, настаў
час, каб разам будаваць Еўропу, якая будзе вярцецца не выключна вакол эканомікі, але
святасці чалавечай асобы і вечных каштоўнасцяў”, - заклікаў Францішак. “Прыйшоў час
адмовіцца ад ідэі Еўропы спалоханай і замкнёнай, каб абудзіць і развіваць Еўропу ўдзелу,
якая нясе веды, мастацтва, музыку, гуманітарныя каштоўнасці, а таксама каштоўнасці
веры”, - дадаў ён. Паводле Святога Айца, сёння трэба зрабіць усё, каб Еўропа была
Еўропай, “якая сузірае неба і імкнецца да ідэалаў”, “якая клапоціцца, абараняе і захоўвае
правы чалавека”, “якая з’яўляецца каштоўным арыенцірам для ўсяго чалавецтва”.