2014-11-27 12:42:28

Пантыфік заклікаў пазбягаць сапсутасці і самаўпэўненасці


RealAudioMP3 Нават перад абліччам цяжкасцяў хрысціянін не павінен трапляць у роспач, але жыць з надзеяй, адзначыў папа Францішак 27 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над вобразамі двух гарадоў – Вавілона і Ерузалема. Іх падзенне, паводле Святога Айца, адбылося па двух розных прычынах. Вавілон – гэта сімвал зла і граху. Гэты горад адчуваў сябе самым важным у свеце, а яго жыхары былі сапсутыя і самаўпэўненыя, падкрэсліў Францішак. Сапсутасць і сёння прыносіць людзям адчуванне шчасця, улады і задаволенасці самімі сабой. Яна не пакідае месца для Бога і навяртання і звязана з язычніцкім духам гэтага свету, адзначыў Пантыфік. Ерузалем, у сваю чаргу, характарызаваўся закрытасцю на прыход Пана. Ён жыў паводле рэлігійных правілаў і быў гэтым задаволены, не адчуваў патрэбу ў збаўленні. Пан стукаў у яго дзверы, але не было гатоўнасці прыняць Яго, выслухаць, адкрыцца на збаўленне, сказаў Папа.

Прыклады гэтых двух гарадоў, на думку Францішка, павінны дапамагчы ў разважанні над жыццём сучасных вернікаў: можа мы падобныя на “сапсуты і самадастатковы Вавілон” або на “няўважлівы” Ерузалем?

Паводле Францішка, пасланне Касцёла адносна падзення Вавілона і Ерузалема, не абмяжоўваецца толькі фактам іх знішчэння, але з’яўляецца таксама заклікам да надзеі. Ён запрасіў рыхтавацца да сустрэчы з Панам, нягледзячы на грахі, пакуты, нянавісць, войны, сапсутасць і марнасць, прысутныя ў сённяшнім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.