2014-11-27 12:42:58

Святы Айцец пра душпастырства ў вялікіх гарадах


RealAudioMP3 27 лістапада 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі удзельнікаў Міжнароднага кангрэса на тэму душпастырства вялікіх гарадоў. Форум праходзіў 24-25 лістапада 2014 г. у Барселоне пры ўдзеле каталіцкіх іерархаў, душпастыраў, экспертаў у сацыялогіі і тэалогіі са шматлікіх мегаполісаў свету. Святы Айцец нагадаў, што сам на працягу доўгага часу быў пастырам у Буэнас-Айрэсе – шматкультурным горадзе з 13-мільённым насельніцтвам, таму добра знаёмы з выклікамі гэтага асяроддзя. Першым з іх Папа назваў патрэбу ў змене душпастырскага мыслення. Сёння Касцёл з’яўляецца далёка не адзіным, хто нясе людзям каштоўнасці. У дадзеным кантэксце неабходна весці гарачае евангелізацыйнае душпастырства, якога людзі, што жывуць у вялікіх гарадах, чакаюць ад Касцёла і патрабуюць. “Мы павінны працаваць не грэбуючы і абвяшчаць Езуса Хрыста не саромячыся”, - сказаў Папа.

Яшчэ адзін выклік – гэта дыялог з іншымі культурамі. Тут, паводле Францішка, важна цвёрда прытрымлівацца сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці і імкнуцца дасягнуць сэрцаў іншых людзей, сеючы ў іх Евангелле. У той жа час, неабходна прыбягаць да розных навук, каб пазнаваць сітуацыю ў гарадах і падставы культур у іх прысутных, перакананы Папа.

Францішак заклікаў таксама цаніць рэлігійнасць бедных людзей і евангелізаваць яе, калі яна змешваецца з магічнымі ўяўленнямі. Святы Айцец заклікаў глядзець на касцёльнае жыццё ў місійным ключы: замест таго, каб чакаць, трэба выходзіць і самім шукаць людзей. Папа адзначыў важнасць сведчання любові да самых слабых і безабаронных, а таксама неабходнасць змены катэхетычных праграм, каб па-сапраўднаму распальвалі веру ў людзях.








All the contents on this site are copyrighted ©.