2014-11-27 10:43:12

Святы Пасад у ААН: чалавечая годнасць не залежыць ад нацыянальнасці


RealAudioMP3 26 лістапада 2014 г. пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі выступіў са зваротам да ўдзельнікаў пасяджэння Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Жэневе. Ён нагадаў, што сёння кожны сёмы чалавек у свеце мае дачыненне да міграцыі – гэта самая вялікая колькасць з часоў Другой сусветнай вайны. У сваім звароце арцыбіскуп Тамазі надаў найбольшую увагу двум аспектам міграцыі: пошуку працы і міграцыі ў сувязі са змяненнем клімату і стыхійнымі бедствамі. Экалагічная дэградацыя штогод вымушае міграваць 27 мільёнаў чалавек. Няроўнасць і беднасць таксама змушаюць многіх людзей шукаць працу за мяжой, дзе яны часта сутыкаюцца з эксплуатацыяй. Напрыклад, жанчыны, якія працуюць як хатняя прыслуга, часта робяцца ахвярамі гандлю людзьмі. Каб прадухіліць эксплуатацыю, трэба ўзмацніць заканадаўства і гарантаваць выкананне правоў працоўных мігрантаў, лічыць іерарх.

На думку арцыбіскупа Тамазі, дзяржавы і міжнародная супольнасць павінны адказаць на глабалізацыю міграцыі глабалізацыяй салідарнасці, супрацоўніцтва і дыялогу. Ён перакананы, што людзі не пакідалі б сваю краіну, калі б у іх была магчымасць годна жыць на радзіме. Арцыбіскуп Тамазі лічыць, што “трэба стварыць ім належныя ўмовы для жыцця дома”. Неабходна заняцца першапрычынамі міграцыі: галечай, палітычнай нестабільнасцю, крызісам аховы здароўя, пераследам, зменай клімату. Міграцыя павінна стаць справай асабістага выбару, а не абавязковай патрэбай. Назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН выказаў надзею, што цвярозы розум міжнароднай супольнасці возьме верх. Чалавечая годнасць не залежыць ад нацыянальнасці – яна належыць кожнаму чалавеку, падкрэсліў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.