2014-12-10 12:29:20

На Сінодзе не ставіліся пад пытанне праўды сакрамэнту сужэнства


RealAudioMP3 На Сінодзе Біскупаў ніводная фундаментальная праўда аб сакрамэнце сужэнства не была пастаўлена пад пытанне, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 10 снежня 2014 г. Пантыфік пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны тэме сям’і. Ён падкрэсліў, што казаць аб гэтай рэчаіснасці асабліва важна ў цяперашні перыяд, паміж двума, прысвечанымі ёй, пасяджэннямі Сінода. Перш чым пачаць разважанне аб розных аспектах сямейнага жыцця, Папа нагадаў аб працы і выніках сінадальнай асамблеі, якая прайшла ў Ватыкане ў кастрычніку 2014 г. У першую чаргу, Святы Айцец звярнуў увагу на даволі распаўсюджаную памылку ва ўяўленні пра Сінод з боку СМІ. “Падчас Сінода медыя рабілі сваю працу – было шмат чаканняў, шмат увагі – і я ўдзячны ім за тое, што працавалі дастаткова. Было шмат навін! Гэта стала магчыма дзякуючы Зале Друку, якая кожны дзень праводзіла брыфінгі. Але часта погляды СМІ крыху нагадвалі стыль спартыўных ці палітычных навін: часта гаворка ішла пра дзве каманды – за і супраць, кансерватараў і прагрэсістаў, і гэтак далей”, - сказаў Папа.

Жадаючы распавесці, якім Сінод быў на самой справе, Францішак нагадаў, што на пачатку форума ён звярнуўся да сінадальных айцоў з просьбай “выказвацца з адвагай і слухаць з пакорай”. На Сінодзе не было папярэдняй цэнзуры, а кожны яго ўдзельнік павінен быў казаць тое, што меў на сэрцы, нават не баючыся выклікаць дыскусію, бо і апосталы горача дыскутавалі паміж сабой, сказаў Пантыфік.

“Апосталы спрачаліся паміж сабой. Гэта так! Таму што шукалі Божай волі адносна язычнікаў: ці маглі тыя ўваходзіць у Касцёл ці не. Гэта была новая справа. Заўсёды, калі шукаецца Божая воля, а падчас сінадальнай асамблеі існуюць розныя пункты гледжання і дыскусія, у гэтым няма нічога кепскага пры ўмове існавання пакоры і духа служэння супольнасці братоў. Папярэдняя цэнзура была б кепскай справай. Кожны павінен быў казаць тое, што думае”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра працу Сінода, Францішак падкрэсліў, што не ставіліся пад сумніў пытанні аб непарыўнасці, адзінстве, вернасці сужэнства, яго адкрытасці на жыццё.

Змест усіх выступленняў быў абагульнены ў адпаведнай справаздачы, якая затым абмяркоўвалася ў групах. Уся інфармацыя аб гэтых дыскусіях была апублікавана, што кажа аб поўнай празрыстасці працы форума, падкрэсліў Пантыфік. На заканчэнне асамблеі была складзена заключная справаздача, падрыхтавана пасланне, а сам Папа звярнуўся з выніковай прамовай. Ён падкрэсліў, што Заключная справаздача Сінода і анкета з пытаннямі адносна яе зместу будуць накіраваны мясцовым епіскапатам і стануць Падрыхтоўчым дакументам наступнага Сінода Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане восенню 2015 г.

Падводзячы вынікі, Францішак адзначыў, што Сінод не з’яўляецца парламентам, нават калі ў ім прымаюць удзел прадстаўнікі Касцёла з розных частак свету.

“Прыбываюць прадстаўнікі – гэта так. Але структура – не парламенцкая. Цалкам адрозная. Сінод – гэта абароненая прастора, у якой Святы Дух можа дзейнічаць. Тут не было сутыкненняў паміж фракцыямі, як у парламенце (...), але дыскусія паміж біскупамі, якая адбывалася пасля доўгай падрыхтоўчай працы і зараз працягнецца, дзеля дабра сем’яў, Касцёла і грамадства. Гэта працэс – нармальны сінадальны працэс. Зараз справаздача вернецца ў мясцовыя Касцёлы, у якіх працягнецца праца праз малітву, разважанне і братэрскую дыскусію, з мэтай падрыхтоўкі наступнай асамблеі”, - сказаў Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі Францішак заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі будучага Сінода Біскупа і пажадаў, каб перыяд Адвэнту спрыяў набліжэнню да Евангелля, шчырай салідарнасці з братамі і адкрыццю хрысціянскай надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.